Супадзенне? Няякасная расейская нафта прыносіць страты Беларусі


Не атрымаўшы чаканай кампенсацыі ад Масквы ў нафтавай сферы, улады Беларусі выставілі шэраг умоваў. Але ў выніку атрымалі толькі няякасную нафту, якая прынесла дадатковыя страты. Ці супадзенне гэта? У нафтавым пытанні разбіраліся карэспандэнты belsat.eu.

Пасля адмовы Расеі кампенсаваць Беларусі магчымыя страты ад падатковага манеўру, афіцыйны Менск заявіў пра магчымы рост тарыфаў на прапампоўку расейскай нафты па сваёй тэрыторыі на 23 %, маўляў, ён самы нізкі сярод краін-транзіцёраў. Апроч таго, было заяўлена пра магчымасць спыніць на рамонт нафтаправод «Дружба».

Hавiны
Беларусь плануе закрыць на рамонт нафтаправод «Дружба»
2019.04.11 17:48

«Калі трэба паставіць на рамонт нафтаправоды і нафтапрадуктаправоды, якія ідуць праз Беларусь, стаўце і рамантуйце. Бо тое дабро, якое мы робім для Расейскай Федэрацыі, яно нам абарочваецца пастаянна злом. Там ужо знахабіліся да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі», – заявіў 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка на паседжанні эканамічнага блоку ўраду.

У Расеі з довадамі Беларусі не пагадзіліся. І неўзабаве пасля гэтага ў беларускія нафтаправоды стала паступаць няякасная расейская нафта, у якой утрыманне хларыдаў у 17 разоў перавышае норму. У Расеі дрэнную якасць сваёй нафты прызналі і абяцалі выправіць сітуацыю да 22-23 красавіка. Крыніца забруджвання была выяўленая на ўчастку Унеча-Самара (адлегласць паміж гарадамі больш за 1400 кіламетраў).

Hавiны
Няякасная расейская нафта дасягнула еўрапейскіх НПЗ
2019.04.23 07:29

Пакуль жа, паводле заявы беларускага боку, кепская нафта нанесла шкоду абсталяванню беларускіх НПЗ. Больш за тое, праз яе Беларусь была вымушаная прыпыніць экспарт светлых нафтапрадуктаў у краіны Еўрапейскага звязу і ва Украіну. Зараз Менск падлічвае свае страты і спадзяецца не атрымаць санкцыяў ад заходніх контрагентаў ды разлічвае да канца году арганізаваць альтэрнатыўны Расеі імпарт нафты праз парты Балтыі ці Украіны.

«Пасля – не значыць з прычыны»

Расейскі эксперт у пытаннях нафты і газу Міхаіл Круціхін адзначыў у каментары belsat.eu, што не спяшаўся б праводзіць асацыяцыю паміж заявамі Менску і наступным з’яўленнем няякаснай нафты.

«Пасля – не значыць з прычыны», – падкрэсліў ён.

Пры гэтым суразмоўца адзначыў, што «Транснафта» выявіла, дзе адбылася ўцечка нафты, якая змяшчае хлор, і ўжо выпраўляе гэтую сітуацыю.

Своеасаблівы адказ Масквы

Дырэктар беларускага Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі мяркуе, што няякасная нафта стала своеасаблівым адказам на пагрозу Аляксандра Лукашэнкі перакрыць нафтаправоды.

«Расея дэманструе, што размова з пазіцыі сілы з ёй непрымальная. І на эскалацыю з боку Менску Масква будзе рэагаваць яшчэ большай эскалацыяй», – заявіў ён у размове з нашым карэспандэнтам.

Паводле яго, гэты крызіс ёсць часткай пагаршэння двухбаковых адносінаў цягам апошніх гадоў. «Крэмль рэалізуе стратэгію нарошчвання ціску на Беларусь і беларускае кіраўніцтва. Гэта звязана з працэсамі прымушэння Беларусі да больш глыбокай інтэграцыі з Расеяй. І дзеля гэтага Крэмль выкарыстоўвае розныя інструменты ціску, у тым ліку эканамічныя, інфармацыйныя і нават ваенна-палітычныя», – адзначыў Арсень Сівіцкі.

Hавiны
Даследаванне: антыбеларуская прапаганда ўзмацнілася ў разы
2019.04.18 10:51

На яго думку, галоўны матыў у сённяшнім выпадку палітычны – нарасціць яшчэ большы ціск на беларускія ўлады і асабіста на Аляксандра Лукашэнку.

Дык чаму нафта няякасная?

Мы таксама паспрабавалі даведацца, чым так шкодная хлорарганіка для абсталявання НПЗ і як яна магла патрапіць у нафтаправоды – але бясплённа. Знайсці адказу на свае пытанні мы не змаглі ані ў Інстытуце прыродакарыстання НАН Беларусі, ані на Геаграфічным факультэце БДУ. Адказныя супрацоўнікі канцэрну «Белнафтахім» і Мазырскага НПЗ на нашы тэлефанаванні не адказалі.

Нафтаперапрацоўчыя заводы скарацілі вытворчасць удвая, бо не могуць карыстацца нафтаправодам «Дружба». У яго ў вялікіх колькасцях трапіў арганахларыд. Гэты рэагент забрудзіў участак трубы даўжынёю 1400 кіламетраў. Войцех Якубік, BIZNESALERT.PL:

«Гэтае рэчыва выкарыстоўваецца, каб зменшыць колькасць сярністых злучэнняў у нафце. Аднак калі яго занадта многа, яно можа выклікаць карозію механізмаў і вывесці інфраструктуру са строю. У пэўны момант аказалася, што расейская нафта ўтрымлівае арганахларыду ў 10 разоў больш, чымся павінна», – распавёў Войцех Якубік, BIZNESALERT.PL.

Падрабязнее пра якасць нафты чытайце ў нашым матэрыяле.

 

Аб’ектыў
Беларусь гатовая наладзіць альтэрнатыўны Расеі імпарт нафты – праз краіны Балтыі або Украіну
2019.04.23 21:53

 

МГ belsat.eu

Стужка навінаў