Суму кампенсацыі за брудную расейскую нафту падлічаць толькі па выніках года


Першы намеснік кіраўніка апарата ўрада Расеі Сяргей Прыходзька паведаміў, што фактычную суму кампенсацыі Беларусі стратаў ад няякаснай расейскай нафты можна будзе вызначыць толькі па выніках 2019 года. Пра гэта піша interfax.by.

«Дасягнута дамоўленасць аб стварэнні сумеснай працоўнай групы для ацэнкі памераў шкоды, нанесенай дадзеным тэхналагічным інцыдэнтам. Гаворка ідзе пра рэальна пацверджаныя страты. Зыходзім з таго, што фактычная сума кампенсацыі будзе вызначана па выніках 2019 года – з улікам рэальных аб’ёмаў паставак нафты ў Беларусі і яе транзіту праз беларускую тэрыторыю», – сказаў Прыходзька.

Паводле ягоных словаў, ужо адноўлена транспартаванне нафты ў напрамку Польшчы і Германіі па двух з трох нітак нафтаправода «Дружба».

«З 1 ліпеня 2019 года плануецца аднавіць транспартаванне нафты ў названыя краіны ў поўным абʼёме. Прадугледжана таксама аднаўленне з 4 ліпеня паставак кандыцыйных нафты на ААТ «Нафтан», – сказаў Прыходзька.

ВІДЭА
Лукашэнка пра нафтавыя перамовы: «Поўзаць на каленях не трэба»
2019.06.07 12:22

Расея і Беларусь дамовіліся стварыць працоўную групу з 8 чалавек для ацэнкі стратаў ад забруджвання нафты ў нафтаправодзе «Дружба» ў траўні. У Маскве тады заявілі, што Расея гатовая кампенсаваць страты, але толькі тым, хто зможа пераканаўчы даказаць іх. «Тэхнічныя спецыялісты павінны яшчэ вызначыць прычынна-выніковыя сувязі. Гэта такое пытанне, ад чаго зламаўся… ад гэтай нафты або ад натуральнага зносу», – сказаў віцэ-прэм’ер РФ Д. Козак.

  • Скандал вакол паставак няякаснай нафты пачаўся 19 красавіка. У гэты дзень дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці нафты,што паступае па нафтаправодзе з Расеі. З улікам гэтага 21 красавіка канцэрн «Белнафтахім» прыняў рашэнне часова абмежаваць экспартныя пастаўкі нафтапрадуктаў. 22 красавіка Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод паведаміў, што расейская нафта кепскай якасці прывяла да выхаду са строю дарагога абсталявання. У адрозненні ад НПЗ у Мазыры, на «Нафтан» забруджаная нафта не трапіла паспелі, аднак праз недахоп сыравіны завод значна знізіў загрузку. Праз кепскую якасць нафты Польшча і Украіна адмовіліся прымаць яе і прыпынілі транзіт праз сваю тэрыторыю.
  • Паводле падлікаў расейскага выдання «Ведомости», агульная шкода Беларусі ад няякаснай расейскай нафты можа скласці ад $ 271,3 млн да $ 435,3 млн. У траўні Расея і Беларусь дамовіліся стварыць працоўную групу з 8 чалавек для ацэнкі стратаў ад забруджвання нафты ў нафтаправодзе «Дружба» і спосабаў кампенсацыі.
Стужка навінаў