«Сумнеўны тэзіс». МЗС Балгарыі не лічыць, што СССР вызваліў Усходнюю Еўропу ад нацызму


Дыпламатычнае ведамства Балгарыі заклікала Расею не падтрымліваць «сумнеўны тэзіс» пра тое, што ад нацызму ў часы Другой сусветнай вайны Усходнюю Еўропу вызвалілі савецкія войскі.

Заява прагучала напярэдадні адкрыцця ў Сафіі выставы «75 гадоў вызвалення Усходняй Еўропы ад нацызму», якую 9 верасня ладзіць Расейскі культурны цэнтр. Гэтую выставу ў МЗС назвалі ўмяшаннем ва ўнутрыпалітычныя дэбаты.

У ведамстве дадалі, што прызнаюць унёсак СССР у разгром нацызму, але лічаць, што савецкая армія прынесла «паўвекавыя рэпрэсіі» народам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

У амбасадзе Расеі ў Балгарыі заявілі, што «збянтэжаны» заявай балгарскіх уладаў, паколькі на выставе хочуць паказаць толькі архіўныя матэрыялы. Выстаўка «не мае нічога агульнага з сённяшнім балгарскім палітычным дыскурсам», падкрэслілі расейскія дыпламаты.

Балгарыя была хаўрусніцай гітлераўскай Нямеччыны да верасня 1944 году, пакуль не адбыўся пракамуністычны пераварот і ў краіну не ўвайшлі савецкія войскі. Пасля гэтага парламент быў распушчаны. Пазней МЗС Балгарыі абвінаваціў СССР у часовай акупацыі краіны.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары