Сумная старонка гісторыі гарадзенскіх гета


Памятным шэсцем гарадзенцы ўшанавалі памяць ахвяраў, загінулых у гарадзенскіх гета.

Адна з гаротных старонак габрэйскай гісторыі звязана непасрэдна з самым заходнім горадам Беларусі – Горадняй, дзе ў часы нямецкай акупацыі дзейнічала ажно два гета.

Гісторыя габрэйскага генацыду на Гарадзеншчыне была апісаная ва ўспамінах тых нямногіх, каму ўдалося выжыць, а неабыякавыя нашчадкі кожны год збіраюцца пад памятнай шыльдай на вуліцы Замкавай, каб ушанаваць памяць бязвінных ахвяраў хвілінай маўчання.

За ўвесь час існавання двух гета праз іх прайшло каля 42 тысяч габрэяў, з якіх загінула болей за 20 тысяч чалавек. Пра масавыя знішчэнні габрэяў не было яскравага ўяўлення ажно да 1942-га года, калі ўжо дакладна было пастаўлена пытанне на Ванзейскай канферэнцыі. Менавіта тады было прынята рашэнне аб поўным вынішчэнні габрэйскага насельніцтва на акупаваных тэрыторыях.

«І тады пачалося масавае высяленне гарадзенцаў з гета. Наша сінагога мае на жаль сумную старонку. Яе вялікая зала выкарыстоўвалася ў якасці «назапашвальніка». Заганялі людзей на пачатку ў сінагогу. Калі там накопіцца 3-4 тысячы, гналі іх у лагер перасыльны ў Каўбасіно», – распавядае старшыня гарадзенскай іўдзейскай абшчыны Барыс Квяткоўскі.

Бацька Барыса Квяткоўскага, Макс Квяткоўскі.

Транзітны лагер у Каўбасіно існаваў на пачатку як лагер для ваеннапалонных. Там нават не было масавых расстрэлаў, людзей проста не кармілі. Кідалі лушпіны ад бульбы. Сяліліся вайсковыя ў вялікіх зямлянках, якія самі выкопвалі. Да канца 42-га года немцы лагер зліквідавалі, а замест гэтага пачалі масава звозіць туды габрэяў і ўжо адтуль вывозілі іх у Аўшвіц і Трэблінку.

«Там цяпер стаіць годны помнік, што там знішчылі 14 тысяч савецкіх грамадзянаў, сярод якіх большасць былі габрэі. Пасля гэтага людзей садзілі ў вагоны ў Ласосна і вывозілі на знішчэнне. З Горадні ў асноўным у два канцлагеры: Трэблінка і Асвенцім. З Трэблінкі практычна ніхто не вярнуўся. Лічаныя людзі вярнуліся з канцлагера Асвенцім. Фашысты проста не паспелі знішчыць усіх людзей перад прыходам Чырвонай арміі.

І сталі калонамі па некалькі тысяч чалавек гнаць іх назад, каб там завершыць сваё злачынства. Ужо на тэрыторыі Аўстрыі іх вызвалілі амерыканцы. Пасля шпіталя можна было выехаць у любую краіну свету, але людзі вярталіся ў надзеі, што нехта з іх родных выратаваўся», – узгадвае Барыс Максавіч, родны бацька якога стаў ахвярай гестапаўцаў, быў адпраўлены ў Асвенцім, але цудам застаўся жывы.

«Не кожны знойдзе ў сабе сілы, каб вярнуцца да ўспамінаў»

«Бацька вельмі не любіў распавядаць пра гэта. Не кожны знойдзе ў сабе сілы, каб вярнуцца да ўспамінаў. Яны заўсёды вельмі цяжкія. Калі мая мама адвяла яго паглядзець фільм «Лёс чалавека», дзе распавядаецца пра ваеннапалоннага Чырвонай арміі, то мой бацька больш за тыдзень хварэў. Літаральна. Не мог ні есці нармальна, ні спаць. Проста ўспаміны вельмі балюча сказаліся на яго псіхіцы. Распавядаў у асноўным маме, а мне як дзіцяці стараўся не казаць пра тыя жахі», – распавядае Барыс Максавіч.

Ушанаванне памяці ахвяраў Галакосту, 29 студзеня 2017

Будучы ў гарадзенскім гета, яго бацька некалькі разоў падманам заставаўся ў ім і цудам не быў адпраўлены ў газавую камеру.

«У яго было некалькі выпадкаў, калі яго рыхтавалі да таго, што на наступную раніцу ён павінен быў выйсці не на агульную плошчу пастраення, адкуль накіроўвалі каманды на працу, а на асобную плошчу. Гэта азначала, што адтуль дарога толькі ў крэматорый. У фашыстаў была нейкая традыцыя, тым каму належала ісці на гэтае пастраенне ў іншае месца, напярэдадні нумары, якія выколвалі кожнаму вязню, аб’яўляліся па радыё, гэта азначала, што ранкам прыйдзе страшнае. І з вечара давалі два пайкі. Паесці.

Шэсце ў памяць ахвяраў габрэйскага генацыду

Разумеючы гэта, ён не ведаў, як сябе паводзіць, і нехта з суседзяў па нарах параіў яму, што трэба ўначы перабрацца ў іншы барак. Любым спосабам, а на раніцу далучыцца, да якой-небудзь іншай каманды. І магчыма ўдасца выжыць. І трэба сказаць што з нейкім Чэхам, я не ведаю якім, ён так яго называў – Чэх. Яны здолелі выбрацца з барака, перабраліся ў нейкі іншы барак, дзе знаходзіліся замарожаныя трупы людзей, каторых не паспелі яшчэ адправіць у крэматорый. Прабылі яны там усю ноч. І як расказваў бацька, Чэх за тую адну ноч пасівеў. Ім удалося на раніцу ўпіхнуцца ў адну з каманд, каторая была не далёка ад барака ў бок нейкіх работ. Такім чынам ён выратаваўся адзін раз».

Экспанаты музея гісторыі габрэяў

«Другі раз, калі яго прыхапіла хвароба звязаная з унутранымі органамі і страшны панос быў, і ізноў жа нехта, хто там знаходзіўся, магчыма з медыцынскіх працаўнікоў, параіў, на тэрыторыі, дзе палілі смецце, трэба знайсці вугалькі і есці іх. Гэтым самым ён паправіў сваё здароўе і выжыў».

«Галоўнае было не аб’есціся»

Пасля Асвенціма бацька Барыса Квяткоўскага аказаўся ў той групе, якую гналі на захад, а потым вызвалілі амерыканцы. Быў арганізаваны амерыканскі шпіталь, дзе Макс Квяткоўскі знаходзіўся нейкі час.

«Адно з самых важных патрабаванняў да лячэння было не аб’есціся. Таму што гэта былі шкілеты, абцягнутыя скурай. 40 кг ён важыў. Мужык, шыракаплечы, моцны такі, як памятаю, важыў болей за 80 кг у нармальным жыцці. Неабыякавыя людзі прыносілі ў шпіталь прадукты. Але галоўнае было ўтрымацца і не аб’есціся. Ён вытрымаў гэтае выпрабаванне. Апошняе выпрабаванне… Ужо калі вызваліліся, некаторыя не вытрымлівалі і гінулі ад завароту кішак.

Потым пасля шпіталізацыі ім прапанавалі выехаць у любую краіну свету. Але тут ён маю маму сустрэў. А мама ўдзельніца абароны Адэсы, акурат ёй 19 споўнілася. Прызвалі ў армію, працавала сувязісткай. Служыла. Потым адступленне ў Крым. Удзельніца абароны Севастопаля. Потым пад Бахчысараем разбамбілі яе частку, але яны паспелі дайсці да порта і іх пераправілі ў Грузію, а адтуль ужо перафармаванне і з адным з беларускіх франтоў яна аказалася ў Горадні. І так яна сустрэлася з маім бацькам у канцы 44-га года. І так з’явіўся на свет я…» – дзеліцца ўспамінамі Барыс Квяткоўскі.

Кожны меў права забіць габрэяў беспакарана

«Самым галоўным у гета было тое, што габрэі адразу аказваліся паза межамі закона. Габрэі – гэта быў чалавек, якому абсалютна ніхто не мог гарантаваць жыццё. Кожны паліцыянт і немец мог іх забіць фактычна беспакарана. За самую дробязь. Грыгорый Хасід успамінаў, што яго абвінавацілі ў крадзяжы нейкага мяса. Яго не застрэлілі проста таму, што патрэбна было працаваць», – лічыць гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч.

«У самім гета панаваў голад. Адна гарадзенка, чый дом аказаўся ў межах другога гета ў Горадні, узгадвала, што пасля ліквідацыі гета, калі яны вярнуліся ў сваю хату, у дварах панавала пустэча. Усе дрэвы, якія раслі былі выкарчаваныя, некаторыя хаты разабраныя на дровы, бо зіма тады была страшная. На жаль усе апошні сведкі гета ў Горадні ўжо памерлі», – кажа гісторык.

Габрэйскі посуд са збораў калекцыянера Януша Паруліса

У самых гета панаваў страшны тэрор. На тэрыторыі мог праходзіць камендант, дастаць пісталет і страляць па ўсім, што рухаецца. Будзь то сабака, дзіця, бабуля, і ўсе павінны былі хавацца. Часам мужчын выстройвалі ў шарэнгу і праходзячы побач, камендант выбіраў самых моцных і біў кулаком у скураной пальчатцы. Калі чалавек пры гэтым не падаў, яго маглі застрэліць.

Самы страшны калючы дрот

«Выбрацца з гета было магчыма. Знаходзіліся лазы. Аднак самы страшны калючы дрот выбудавалі фашысты ў самой свядомасці мясцовага насельніцтва. У шмат якіх месцах, дзе толькі магчыма расклейвалі лістоўкі пра тое, што за ўсялякую дапамогу габрэям пагражае смяротнае пакаранне. Не было паняцця турмы, штрафаў. Не.

Адразу расстрэл. А калі хтосьці будзе хаваць чалавека ў сябе ў сям’і, таксама расстрэл. І не толькі гаспадара сям’і, а ўсю сям’ю маглі расстраляць. І тым не менш знаходзіліся людзі каторыя ішлі на такі подзвіг, расцягнуты часам на гады, і хавалі бязвінна пазначаных на знішчэнне людзей», – распавядае Барыс Квяткоўскі.

Экспанаты Музея гісторыі габрэяў у Горадні

Такім чынам выратаваўся Фелікс Зандман, які ў вёсцы непадалёк ад Ласосна, 17 месяцаў прасядзеў у яме, чые ўспаміны сёння з’яўляюцца вялікай каштоўнасцю для гарадзенскай і габрэйскай гісторыі. Менавіта ён падчас прыезду ў 1992-м годзе стаў адным з ініцыятараў, каб на месцы гета нумар 1 была ўсталявана памятная дошка.

Перад вайной габрэйскае насельніцтва складала больш за 50 % насельніцтва гораду.

«Такім чынам проста носьбіты габрэйскай культуры, мовы, рэлігійных традыцый былі сцёртыя з твару гарадзенскай зямлі. На жаль. Багатая сваймі традыцыямі супольнасць, якая дала свету столькі выдатных людзей, якая жыла паўнакроўным жыццём, мела свае тэатры, газеты, выдаўніцтвы, фабрыкі, прадпрыемствы, заводы, добрую палову гораду пабудаваўшую, знікла з твару зямлі.

Затое горад меў магчымасць пры будаўніцтве савецкай улады выкарыстоўваць вялікую колькасць свабодных хатаў, кватэр, для таго, каб размясціць тут ужо тое кіраўніцтва, якое прыбывала сюды за савецкай уладай. Калі сюды накіроўвалі ў якасці спецыялістаў лекараў, настаўнікаў, дзяржслужбоўцаў, партыйных працаўнікоў, сярод іх былі габрэі і да 1992-га года, калі з’явілася магчымасць стварэння нацыянальных культурных аб’яднанняў, габрэйскае насельніцтва складала тут каля дзвюх тысяч чалавек. Гэтую трагедыю, гэты працэс, я разглядаю не як толькі вынішчэнне габрэяў. Я разглядаю гэта як працэс, які прывёў да змізарнення ўсяго чалавецтва і ў прыватнасці еўрапейскай грамадскасці», – лічыць Барыс Квяткоўскі.

Паўліна Валіш belsat.eu

Стужка навінаў