Судзяць жыхара Віцебску, які распыліў газавы балончык. Пацярпелі 9 міліцыянтаў


Яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

11 студзеня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пачаў разглядаць крымінальную справу супраць 25-гадовага віцябляніна Арцёма Ісакава, абвінавачанага паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных справаў»). Раней да адміністратыўнай ці крымінальнай адказнасці Ісакаў не прыцягваўся. Цяпер яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе «Віцебская вясна».

Справу разглядае суддзя Сяргей Будрэвіч. Сярод удзельнікаў працэсу – дзевяць пацярпелых міліцыянтаў, якія на першым пасяджэнні давалі свае паказанні. На пачатак працэсу журналісты не трапілі.

Арцёма Ісакава затрымалі 25 кастрычніка ў межах адміністратыўнага разбору. За парушэнне Закону аб масавых мерапрыемствах яго аштрафавалі на 10 базавых велічыняў.

Арцём Ісакаў.
Фота: https://viciebskspring.org/

Паводле пракуратуры, 25 кастрычніка Арцём Ісакаў узяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым шэсці. Абвінавачанне сцвярджае, што Ісакаў не менш за два разы «распыліў струмень пярцовага газу ў бок твараў і тулаваў міліцыянтаў Вайцяхоўскага, Іванова, Сянкевіча». Гэтымі дзеяннямі Ісакаў, паводле пракуратуры, перашкодзіў міліцыянтам затрымаць нецвярозага грамадзяніна, які выкрыкваў абразлівыя словы ў іх бок. Сцвярджаецца, што Ісакаў таксама выкрыкваў нецэнзурныя словы, паказваў сярэдні палец левай рукі, пасля чаго збег з месца злачынства. Дзеянні Ісакава былі кваліфікаваныя паводле арт. 364 КК – як гвалт у дачыненні супрацоўнікаў унутраных справаў з мэтай перашкоды іх службовай дзейнасці.

Пазней, падчас свайго затрымання ў раёне вуліцы Чкалава, Ісакаў, паводле абвінавачання, не менш за тры разы распыліў пярцовы газ у бок міліцыянтаў Аненкава, Дунца, Лазукі, Радкевіча, Ратнікава. Гэтым нібыта прычыніў фізічны боль супрацоўнікам міліцыі (дзеянні кваліфікаваныя таксама паводле арт. 364 КК).

Арцём Ісакаў прызнаў сваю віну часткова.

У першы дзень разбору суд пачаў апытваць пацярпелых міліцыянтаў. Усе яны паведамілі, што ў той ці іншай ступені пацярпелі пасля распылення Ісакавым пярцовага газу. У найбольшай ступені пацярпеў Мікалай Вайцяхоўскі, які, з ягоных словаў, змог вярнуцца да выканання сваіх абавязкаў толькі праз 30–50 хвілінаў. Казаў, што газ яму трапіў непасрэдна ў твар.

Пацярпелыя міліцыянты 25 кастрычніка былі апранутыя ў цывільнае адзенне і выконвалі свае службовыя абавязкі ў калоне пратэстоўцаў. Яны меліся спыняць супрацьпраўныя дзеянні: канфіскоўваць незарэгістраваную сімволіку ці затрымліваць нецвярозых грамадзянаў.

Супрацоўнікі МУС паведамілі ў судзе, што ў дачыненні іх «грамадзяне былі настроеныя агрэсіўна, заклікалі пераходзіць на бок народу, абражалі крыўднымі словамі».

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў