Судзяць мужчыну, якога знявечылі амапаўцы. За зламаную нагу міліцыянта ён можа атрымаць да 10 гадоў

У судзе Ленінскага раёну Менску працягваецца суд над 32-гадовым індывідуальным прадпрымальнікам Віктарам Барушкам. Пра пачатак гэтага працэсу пісалі Naviny.by. Мужчына сцвярджае, што ў Ленінскім РУУС яго моцна збілі і фактычна звалтавалі – пасля гэтага ён правёў у рэанімацыі 12 дзён. Наш карэспандэнт сочыць за падзеямі на паседжанні.

У Менску судзяць мужчыну за зламаную нагу амапаўца. Віктар Барушка заяўляе аб збіцці і здзеках. 26 cтудзеня 2021 года. Фота: Белсат

12:00. У апошнім слове Віктар Барушка зазначыў, што не хацеў і не мог нанесці наўмысна шкоду міліцыянту. Калі такое атрымалася, дык выпадкова.

«Я ні на секунду не дапускаў думкі і жадання мэтанакіравана здзейсніць удар супрацоўніку праваахоўных органаў і прычыніць якую-небудзь шкоду ці пакалечыць. Маё выхаванне, прынцыпы, пагляды, каштоўнасці не дазваляюць мне прычыніць шкоду чалавеку, не залежна ад яго прафесіі, веравызнання, незалежна ад таго, ці з’яўляецца ён супрацоўнікам сілавых структураў.

Суд над Віктарам Барушкам. Фота: Белсат

Хацеў бы звярнуць увагу на акалічнасці таго, што адбылося, і на довады, што ёсць у матэрыялах справы. На мой пагляд, у справе не сабрана дастатковай колькасці довадаў, што пацвярджаюць пазіцыю і версію пацярпелага. Яшчэ раз настойваю, што ніякіх удараў я не наносіў і матываў ніякіх не меў.

Я сапраўды ўцякаў, але пасля падсечкі пачаў падаць. Потым мяне паднялі супрацоўнікі міліцыі і адвялі ў аўтазак. Відэа пацвярджае тое, што ўсё адбылося вельмі хутка, імгненна, за долю секунды. Здзейсніць нейкія ўсвядомленыя дзеянні ў выглядзе акцэнтаванага ўдару я не мог, але дапускаю, як і казаў раней, што такое магло адбыцца з незалежных ад мяне акалічнасцяў, выпадкова», – сказаў ён.

Віктар Барушка папрасіў прабачэння ў сям’і за хваляванні, што ім прынёс, і сказаў, што не парушыў прынцыпаў, на якіх бацькі яго выхоўвалі – ім няма чаго яго саромецца. Калі гаварыў, перадае карэспандэнт «Белсату», Віктар плакаў, з ім плакала ўся зала.

Барушка падзякаваў сваякам, сваёй будучай жонцы і іх малому сыну, медыкам, што паставілі яго на ногі, у тым ліку медыкам жодзінскага ізалятару, усім, хто яго падтрымлівае. Віктар таксама папрасіў суд аб справядлівым выраку.

Пракурор запатрабаваў для яго 5 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Заўтра будзе абвешчаны прысуд.

11:20. Паседжанне пачалося. Справа ў балаклаве – пацярпелы амапавец Волахаў (магчыма, прозвішча змянілі). Дзяржаўны абвінаваўца патрабуе пакараць Віктара Барушку пяцігадовым зняволеннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер выступае абаронца.

Cуд над Віктарам Барушкам. 26 cтудзеня 2021 года. Фота: Белсат

10:20. Людзі ўжо прыходзяць падтрымаць Віктара Барушку. Паседжанне мела пачацца а дзясясятай гадзіне, але яго ссунулі на 30 хвілінаў.

Барушку вінавацяць у злачынстве паводле п. 5 ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэксу («Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання»). Яму пагражае ад пяці да дзесяці гадоў зняволення.

Паводле версіі абвінавачання, Барушка ўдзельнічаў у Партызанскім маршы 18 кастрычніка. Амапаўцы паспрабавалі затрымаць яго, аднак ён нібыта аказаў супраціў «целам у цела і нагой у нагу». У выніку ў аднаго з сілавікоў дыягнаставалі пералом вялікай галёначнай косці правай нагі.

Абвінавачаны сваю віну адмаўляе. Барушка сцвярджае, што сапраўды ўдзельнічаў у шэсці, аднак пры затрыманні супраціву не чыніў – яго проста звалілі з ног. Мужчына апынуўся ў аўтазаку. Сілавікі шукалі чалавека ў сіняй куртцы, за яго і прынялі Віктара, пазначылі балончыкам і адвезлі ў Ленінскае РУУС.

«Білі, дубінку ў ж*пу засоўвалі. Пасля гэтага я правёў 12 дзён у рэанімацыі БХМД. Ногі былі такія апухлыя, што не мог зняць джынсаў».

ЯП, belsat.eu

Hавiны