Судзяць міліцыянта, які выкрыў каналы вербавання ў ДНР


У Горадні распачаўся суд над былым міліцыянтам Міхаілам Куцко. Пасля таго, як у судовай залі зʼявіліся журналісты, паседжанне абвесцілі закрытым.

Справа былога міліцыянта цягнецца ўжо восем месяцаў. Міхаіла Куцко арыштавалі 23 студзеня паводле артыкулу 430 КК (атрыманне хабару). Аднак, як сцвярджае падсудны, хабар яму спрабуюць «павесіць» у сувязі з тым, што былы міліцыянт вёў справу па артыкуле 343 (распаўсюд парнаграфіі), у якой фігуравала працаўніца МУС і адначасова дачка былога суддзі Алена Б.

Яшчэ ў верасні, прадчуваючы небяспеку, міліцыянт запісаў відэа, дзе распавёў сваю гісторыю. Частку запісаў ён перадаў «Белсату», частку захоўвае, каб абараніцца.

За судовымі сценамі

Судовае паседжанне пачалося 25 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёну ў Горадні. Кінуўшы некалькі незадаволеных поглядаў на журналістаў, пракурор падаў хадайніцтва на правядзенне закрытага суда, каб не разгалошваліся падрабязнасці жыцця абвінавачанага.

Жонка Міхаіла Куцко Наталля ў судзе

«Гэта мяне проста шакавала, – кажа жонка Міхаіла Куцко, Наталля, – Закрытыя паседжанні робяць звычайна, калі маньякаў судзяць. Я мужа хоць краем вока ўбачыла пасля васьмі месяцаў зняволення. Я выступаю, як сведка, таму заўтра яшчэ на судзе ўбачу, а маці яго дык і не ўбачыць. Нам жа спатканняў ніякіх не дазвалялі. Слёзы на вочы наварочваюцца. Ён вельмі змяніўся, схуднеў».

Як казала Наталля, Міхаіл знаходзіцца ў баявым настроі. Ніхто не апускае рукі.

Як пісаў раней Міхаіл Куцко ў лістах, відавочна, што так проста пасля васьмі месяцаў турмы яго не выпусцяць. Вынікі справы стануць вядомыя ў сераду 27 верасня.

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў