Справу адправілі на дапрацоўванне: суд над фотакарэспандэнтамі Аляксандрам Васюковічам і Уладзем Грыдзіным

Фатограф Аляксандр Васюковіч праз «Скайп» размаўляе з адвакатам. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 г. Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

У судзе Фрунзенскага раёну Менску праходзяць адміністратыўныя працэсы над фотакарэспандэнтамі Аляксандрам Васюковічам і Уладзем Грыдзіным. Абодвух вінавацяць у парушэнні парадку арганізацыі ды правядзення масавых мерапрыемстваў – артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу.

Фатографа Аляксандра Васюковіча вінавацяць ва ўдзеле ў мітынгу на Раманаўскай Слабадзе. Справу разглядае суддзя Яўген Пісарэвіч.

Аляксандр Васюковіч заявіў, што 13-га верасня, у дзень затрымання працаваў як журналіст, здымаў рэпартаж. Меў адпаведныя пазнакі ды пасведчанне. Каля 20:00 Васюковіч з калегамі зайшоў у бар «1067», каб даслаць здымкі ў рэдакцыю. Прыкладна ў 21:00 ён выйшаў папаліць, вярнуўся і адразу быў затрыманыя АМАПам.

«Амапаўцы зайшлі ў бар і заламалі нам рукі. Потым яны ўбачылі, што на стале тэхніка, і дазволілі яе скласці. Потым зноў заламалі рукі», – сказаў журналіст.

Фатограф Аляксандр Васюковіч ў зале суда Фрунзенскага раёна. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 г. Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

На мітынгу я быў абазначаны, меў пасведчанне журналіста вялікага памеру на шыі. Гэта пасведчанне журналіста газеты «Новы час», мне яго выдаў галоўны рэдактар», распавёў у судзе Васюковіч.

Суддзя Марыя Ярохіна слухае затрыманага Ягора Калягіна ў зале суда Фрунзенскага раёну. Менск, 15 верасня 2020 г. Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Справу Уладзя Грыдзіна разглядае суддзя Марыя Ярохіна, яго таксама судзяць праз «Скайп». 29 жніўня Грыдзін быў пазбаўлены акрэдытацыі як карэспандэнт радыё «Свабода». У дадзены момант ён зʼяўляецца пазаштатным карэспандэнтам парталу TUT.BY.

Пасля перапынку аднавіўся працэс па справе Уладзя Грыдзіна. Ён скардзіцца на дрэнную сувязь, амаль ня чуе словы суддзі. Паводле матэрыялаў справы, Грыдзін удзельнічаў у мітынгу 13 верасьня ўвечары на вуліцы Раманаўская Слабада. Выкрыкваў лозунгі «Сыходзь» і «Жыве Беларусь». Грыдзін з пратаколам ня згодны. Кажа, што ў гэты час знаходзіўся ў кавярні, апрацоўваў здымкі, паведамляе радыё «Свабода».

Справы Аляксандра Васюковіча і Уладзіміра Грыдзіна былі адпраўленыя на дапрацаванне, паведамляе БАЖ. Ці вызваляць журналістаў сёння – невядома.

Аляксандр Васюковіч і Уладзь Грыдзін разам з сябрам Ягорам Калягіным былі затрыманыя пасля маршу герояў 13 верасня. Пасля затрымання яны ўтрымліваліся ў ЦІП на Акрэсціна.

belsat.eu

Hавiны