Суд па справе незалежнай журналісткі Марыны Маўчанавай перанеслі на 23 верасня. У тэчцы з матэрыяламі справы, прызначанай для суддзі, знаходзіліся копіі матэрыялаў па справе журналіста Алеся Залеўскага, які супрацоўнічае з «Белсатам».
Незалежная журналістка Марына Маўчанава даведалася, што яе будуць судзіць у судзе Баруйскага раёну і гораду Бабруйску за дзень да самога суда. Журналістка папрасіла перанесці паседжанне, каб падрыхтавацца і пракансультавацца з адвакатам.
Па словах Марыны Маўчанавай, у матэрыялах справы знаходзіцца тэчка з адзнакай «для суддзі» са справай журналіста Алеся Залеўскага, які супрацоўнічае з «Белсатам». Раней ён ужо атрымоўваў папярэджанне за супрацу з тэлеканалам.
29 жніўня Марына Маўчанава атрымала позву ў суд з патрабаваннем з’явіцца ў бабруйскай міліцыі ў якасці асобы, якая парушыла заканадаўства аб СМІ (праца без акрэдытацыі). 1 верасня журналістка прыйшла ў бабруйскую міліцыю, дзе яе дапытваў падпалкоўнік Рудзько Сяргей Уладзіміравіч. У пастарунку ён выкручваў рукі журналістцы. Гэта адбывалася перад судом над тэлеканалам «Белсат».
ЗК, belsat.eu