Суды за мірную акцыю ў Гомлі. «Даведаліся пра затрыманне сына сёння ранкам, шукалі самі»


У судах Чыгуначнага і Цэнтральнага раёнаў Гомля судзяць затрыманых 14 ліпеня на акцыі салідарнасці з незарэгістраванымі кандыдатамі.

Суды Цэнтральнага і Чыгуначнага раёнаў Гомля.
Фота: Ганна Вашчанка / Belsat.eu

14 ліпеня па ўсёй Беларусі прайшлі акцыі салідарнасці з затрыманымі палітыкамі і незарэгістраванымі кандыдатамі ў прэзідэнты. Сёння, 15 ліпеня, адбываюцца суды. У Гомлі суды прайшлі ў Чыгуначным і Цэнтральным раёнах.

Валер Сляпухін атрымаў за ўдзел у мірнай акцыі 10 содняў. Ягоны бацька Васіль эмацыйна выказваецца каля будынку суда:

«Цэлы дзень кату пад хвост. Трэба мяняць сітуацыю, чым раней – тым лепш. Хай мяне за краты садзяць», – кажа Васіль Сляпухін.

Васіль Сляпухін.
Фота: Ганна Вашчанка / Belsat.eu

Пра тое, што ягоны сын адбывае содні ў ІЧУ, ён даведаўся літаральна за 20 хвілінаў да суда.

«Ніхто не паведаміў. Даведаліся пра затрыманне сёння ранкам, шукалі самі», – кажа спадар Сляпухін.

Даніле Максіменка 18 год. Ён таксама быў затрыманы падчас мірнай акцыі пратэсту. Паводле ягонай маці, ён патэлефанаваў увечары 14 ліпеня і сказаў, што знаходзіцца ў РАУСе.

«Потым ператэлефанаваў і сказаў, што вырашаецца яго лёс: павязуць у ІЧУ ці не. На суд не трапілі, даведаліся пра вырак у канцылярыі. Чакалі ад 9:00 каля суда», – кажа жанчына.

Маці Данілы Максіменка.
Фота: Ганна Вашчанка / Belsat.eu

Даніла Максіменка атрымаў 10 содняў арышту. Ягоная маці кажа, што яны будуць абскарджваць прысуд.

На суды патрапіць журналісты не змаглі. З тых, пра каго нам вядома, атрымалі содні. Звесткі ў канцылярыі даюць толькі ў выпадку, калі ведаеш прозвішча затрыманага. Дваіх павезлі ў суд Савецкага раёну, іхны лёс пакуль невядомы.

Хто і колькі атрымаў?

Аляксей Жулаеў – 5 содняў

Аляксей Мятліцкі – 5 содняў

Даніла Максіменка – 10 содняў

Валер Сляпухін – 10 содняў

Ганна Вашчанка, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў