«Было не відавочна, што гэта АМАП? Трэба было прадставіцца?» Ідуць суды над затрыманымі


У некаторых судах паседжанні праходзяць у онлайн-фармаце, дзесьці раскладаў няма ўвогуле.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Сёння, 22 чэрвеня, па ўсёй Беларусі пачынаюцца суды над тымі, хто быў затрыманы 19 і 20 чэрвеня падчас мірных пікетаў і ланцугоў салідарнасці. Не паўсюль суды праходзяць у офлайн-рэжыме, дзесьці няма нават спісаў тых, каго будуць судзіць.

У канцылярыі суда Цэнтральнага раёну кажуць, што спісы з’явяцца пасля абеду. Каля будынку на лаве сядзяць тры хлопца: Багдан, Усевалад і Фёдар. Яны шукаюць свайго сябра Мікіту.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Вечарам 19 чэрвеня Мікіту з сябрамі затрымалі каля Філармоніі. Двух сяброў хлопца пасадзілі ў мікрааўтобус і ўвечары адпусцілі. А Мікіта пабег, таму яго размеркавалі ў аўтазак. Потым бацькі знайшлі яго на Акрэсціна.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Мы дакладна не ведаем, у якім судзе будзе разгляд яго справы, таму нас 10 чалавек і мы дзяжурым ля розных судоў», – кажа Багдан.

«Мікіта падтрымліваў тое што адбывалася там, але ўдзел не прымаў», – дадае Усевалад.

Да хлопцаў падыходзяць Вадзім і Марыя, яны чакаюць, калі з’явіцца інфармацыя па іх сябру Максіму.

«Я з Максімам гуляў каля ГУМу пасля 23-й гадзіны. Мы спыніліся ля «Макдональдса» і праз хвіліну нас затрымалі. Затрымлівалі людзі ў цывільным, не прадстаўляліся, абыходзіліся груба. Затрыманых было шмат. Нас трымалі ўсю ноч ля сцяны, толькі адну дзяўчыну пускалі ў прыбіральню. Максім скардзіўся на боль у нырках, у мяне засталася гематома на руцэ. Мяне адпусці а 4-ай раніцы, Максіма – не. Я думаю што яго пакінулі, бо ён здымаў відэа», – кажа Вадзім.

Фота: Belsat.eu

«19-га мы дзяжурылі ля Цэнтральнага РАУСа і бачылі, як Максіма адвозілі на Акрэсціна», – дадае Марыя.

У судзе Першамайсага раёну паседжанні будуць праходзіць онлайн, час, як паведамляюць, залежыць ад тэхнічных магчымасцяў.

У судзе Завадскога раёну паседжанні мусілі пачацца аб 11:40, але суддзя захварэла, а затрыманых дагэтуль не прывезлі ў суд.

Фота: Belsat.eu

У Савецкім судзе асудзілі Мікіту Старавойтава. Яго затрымалі каля Еўраопта на пл. Я. Коласа 19 чэрвеня. Ён спыніўся на ровары, каб зайсці ў краму, але пабачыў, што чалавеку з натоўпу стала блага. Вырашыў дапамагчы, бо мае медычную адукаыю. Але ў гэты ж момант яго затрымалі. У выніку яму прысудзілі 30 базавых велічынь штрафу (Br 810) па двух артыкулах КаАП: 23.34 (парушэнне арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў) і 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі).

У судзе Завадскога раёну Марыя і Кацярына разам з адвакатам чакаюць спісы, каб зразумець, ці будзе разгляд справы братоў Змітра і Юрыя П.

19 чэрвеня а 21:30 чацвёра сяброў ішлі па праспекту Незалежнасці, Зміцер і Юра былі з роварамі. Каля крамы Лянок яны наткнуліся на кардон АМАПу, іх у грубай форме развярнулі. Тады кампанія спрабавала прайсці па іншаму баку праспекта. Калі яны спыніліся ля святлафору, асоба ў цывільным дала загад АМАПу затрымаць хлапцоў. Аднаго з братоў забралі з роварам.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Мы нічога не рабілі, не крычалі – проста шлі. Калі хлопцаў забралі, мы засталіся стаяць у разгубленасці. Да нас падышла назіральніца з «Вясны» і падказала, як дзейнічаць далей. Усю ноч мы былі ля розных РУУСаў, званілі туды таксама. Інфармацыю нам не давалі ці па просту казалі больш не званіць. А 8-ай раніцы мы знайшлі іх у ІЧУ», – распавядае Марыя.

Дзяўчыны нанялі адваката і збіраюцца самі выступіць у якасці сведкаў. А 14:00 справы хлапцоў з’явіліся ў Завадскім судзе.

У судзе Маскоўскага раёну паседжанне адбываецца онлайн, праз «Скайп». Манітор разгорнуты да суддзі, прысутныя ў залі не бачаць чалавека, якога судзяць.

– Вас не чуваць, і цяпер не. Цяпер чуваць, – чуюць прысутныя голас з таго боку манітора.

– Вядзіце Заблоцкага Уладзіміра Віктаравіча. Заблоцкі, здыміце маску, каб я вас бачыла! – кажа суддзя Малашчанка.

На судзе ў Заблоцкага.
Фота: belsat.eu

Заблоцкага абвінавачваюць па артыкулах 23.34 ч. 1 і 23.4 КаАП РБ.

20:00-22:30 вы знаходзіліся ля дому 50 па праспекту Незалежнасці ў Менску, – кажа суддзя.

– Я толькі ў 21:00 прыехаў у Менск на электрычцы, – чуюць голас Заблоцкага.

– Чаму вы не былі з жонкай і дзіцёнкам, а былі ў Менску? Чаму вы не гулялі па Маладзечна, дзе і жывяце? І часта вы так гуляеце адзін па Менску? Калі б вы паехалі да сына і жонкі, вы бы апынуліся у такой сітуацыі? Вам было не відавочна, што перад вамі супрацоўнік АМАПу, вам яшчэ трэба было прадставіцца? – задае пытанні суддзя.

Заблоцкаму прысудзілі 20 базавых велічыняў (540 руб.) за два артыкулы.

Праз дзве хвіліны ў зал заходзіць іншая суддзя і пачынаецца іншая судовая справа па скайпу з затрыманымі.

У судзе Маскоўскага раёну праз «Скайп» судзілі Мурашка Іллю. Суддзя – Таццяна Мотыль.

У пратаколе напісана, што Ілля Мурашка з 20:00 да 22:30 знаходзіўся ля дому 50 па праспекту Незалежнасці.

«Не планаваў прымаць удзел у мерапрыемстве. Я там апынуўся нечакана», – кажа Мурашка праз «Skype».

Затрыманы 19 чэрвеня Ілля Мурашка падзяліўся пра ўмовы ўтрымання ў менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальніка і пра само затрыманне

«Один человек [супрацоўнік «Акрэсціна»] сказал, что его это всё достала, я увольняюсь, последний день здесь работаю».Затрыманы 19 чэрвеня Ілля Мурашка распавёў пра ўмовы ўтрымання ў менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальніка і пра само затрыманне

Opublikowany przez Белсат TV Poniedziałek, 22 czerwca 2020

Вырак: па двум артыкулам КаАП прызначыць 15 базавых велічынь – Br 405. Пасля сканчэння суда сябры Іллі Мурашка запыталі ў суддзі, дзе яны могуць знайсці сябра. Таццяна Мотыль адказала, што яны не маюць права задаваць ёй пытанні.

Сябры Іллі вырашылі ехаць на Акрэсціна і не прагадалі – хлапец быў там.

Сябры сустракаюць Іллю Мурашка.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu
Ілля Мурашка на волі.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Ілля падзяліўся сваімі ўражаннямі аб выходных, якіх ён правёў у менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў:

«Там былі голыя нары, стол і стул для сядзення. Нас упяцярых туды пагрузілі і нічога не выдалі. Ежа была нясмачная, на прагулку аніхто не выводзіў. Днём там душна і няма чым дыхаць, а ўвечары халадно. Усе пастаянна падманвалі: і міліцыянты, і на ЦІП».

Звязацца з роднымі і юрыстамі не ўдалося. Ілля Мурашка кажа, што яго не білі, аднак іншыя затрыманыя наракалі на збіццё ад міліцыянтаў.

***

За лёсам затрыманых беларусаў сочыць праваабарончы цэнтр «Вясна». На іхнай старонцы можна знайсці спісы затрыманых за акцыі салідарнасці ў Менску і ў іншых гарадах краіны.

Стужка навінаў