Суды і пракуратура гуляюць скаргамі журналіста ў «гарачую бульбу»


Незалежны журналіст Алесь Ляўчук патрабуе ад пракуратуры правесці праверку і пакараць службовых асобаў з суду Маскоўскага раёну Берасця, якія незаконна выклікалі журналіста на суд праз «Viber».

Пра тое, што разгляд адміністрацыйнай справы па артыкуле 22.9 КаАП РБ (парушэнне закону аб СМІ) адбыўся 4 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Берасця, журналіст-фрылансер даведаўся з паведамлення, якое даслала праз «Viber» невядомая яму Алёна.

«Як толькі я паведаміў «Белсату» пра гэткі выклік у суд, мне даслалі не толькі звычайную класічную папяровую позву, але яшчэ і смс-паведамленне. Выклікаць у суд праз «Viber» незаконна, таму мой адвакат напісаў скаргі ў пракуратуру і старшыні суду», – кажа Алесь Ляўчук.

Паводле юрыста Рамана Бурэнкі, выклік асоб, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйным працэсе, мусіць быць зроблены праз позву. Яе могуць высланаць поштаю, тэлефанаграмай або з выкарыстаннем іншых традыцыйных сродкаў сувязі.

«Выклік па шляхам інтэрнэт-камунікатараў не рэгулюецца артыкулам 10.9 ПВКаАП. Таму выклік у суд праз «Viber» не можа лічыцца належным паведамленнем і не ёсць законным, – адзначае юрыст.

Тым часам органы, у якія напісаў скаргу Ляўчук, сталі перасылаць лісты адзін аднаму.

«У парушэнне сваіх абавязкаў пракуратура даручыла разабрацца ў сітуацыі органу, які ўласна і парушыў закон – суду Маскоўскага раёну Берасця. Але той адмаўляе сваю віну і толькі паведаміў, што зрабіў заўвагу той самай Алёне, якая даслала мне паведамленне ў «Viber». Там заяўляюць, што на маю скаргу зараз мусіць адказваць абласны суд, хоць я яго пра гэта не прасіў, – кажа Алесь Ляўчук.

Летась «Белсат» пісаў пра тое , што вуліцу Шаўчэнкі ў Берасці адрамантавалі толькі напалову, а ў справаздачы напісалі, што ўсю. Нашая здымачная група адправілася туды і зняла рэпартаж. За гэта міліцыянт Раман Трафімук склаў на Алеся Ляўчука пратакол за «працу без акрэдытацыі» (арт. 22.9 КаАП).

З першага разу міліцыянт не змог правільна аформіць пратакол, а на тое, каб перарабіць, не было часу. Тады Трафімук склаў новы пратакол, але без удзелу і подпісу Ляўчука. Нягледзячы на гэта суддзя Маскоўскага раёну Берасця Раман Карабан прысудзіў журналісту штраф – 25 базавых велічыняў (612 рублёў). Гэтую пастанову 12 красавіка адмяніў Берасцейскі абласны суд.

Тым не менш 5 траўня суд Маскоўскага раёну Берасця ў гэтай жа справе зноў прысудзіў журналісту такі ж штраф – 25 базавых велічыняў. Новы разгляд ў абласным судзе адбудзецца 6 чэрвеня.

ЦЛ, belsat.eu

Стужка навінаў