Судовы вырак супрацоўнікам моргу ў Магілёве: ад 5 да 9 год пазбаўлення волі за карупцыю


Судзя Наталля Панасенка.
Фота: «Белсат»

5 супрацоўнікаў патолагаанатамічнага бюро ў Магілёве – загадчык аддзялення і санітары – сваёй віны ў справе не прызналі. А суддзя суду Ленінскага раёну Магілёва Наталля Панасенка 27 ліпеня вынесла ім абвінаваўчы вырак за махлярства, крадзеж і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.

Згодна судоваму выраку загадчык аддзялення Аляксей Міхайлаў атрымаў 9 год турмы ўзмоцненага рэжыму, санітарка Сняжана Палякова атрымалася 5,5 год турмы ўзмоцненага рэжыму, астатнія санітары Сяргей Палякоў, Таццяна Бродава і Алена Мартыненка – па 5 год узмоцненага рэжыму. Кожнаму з іх забаронена займаць кіроўныя пасады на працягу 5 год. Вырак не ўступіў у законную сілу.

Выводзяць асуджаных па справе паталагаанатамаў.
Фота: «Белсат»

Паводле следства супрацоўнікі патолагаанатамічнага бюро на працягу 2010-2018 гадоў падманвалі людзей, якія звярталіся да іх за паслугамі: загадчык і санітары завышалі кошты сваіх паслуг і бралі грошы па-за касай. Хаця следства казала пра амаль 500 пацярпелых, суддзя Наталля Панасенка агучыла толькі каля 50 прозвішчаў, якія маюць права на кампенсацыю матэрыяльнай і маральнай шкоды, і яшчэ каля 100 прозвішчаў, якім адмовіла ў іску на кампенсацыю.

Расклад на зале паседжання.
Фота: «Белсат»

Самі абвінавачаныя пад вартай знаходзяцца з 16 студзеня 2018 года. Гэты тэрмін ім таксама ўлічаны. Сваёй віны ў справе ніхто з іх не прызнаў. Прысуд пераносілі двойчы і ўрэшце ён адбыўся 27 ліпеня. Паслухаць вырак прыйшло багата сваякоў абвінавачаных.

Сяргей Палякоў.
Фота: «Белсат»

«За такія грашы – такія тэрміны», «Адразу страляць у патыліцу!», «Гэта сталіншчына!», «Аддавайце на суд народа», – такія воклічы гучалі ад сваякоў абвінавачаных адразу пасля агалошвання выраку.

«Там не было ніякіх мільярдаў. Ім за грашы, за рублі далі такія вялікія тэрміны. За забойства столькі не даюць. Мы не разумеем, што гэта яны налічылі. Большую частку іскаў суд адмовіў. Засталіся толькі нейкія зусім смешныя сумы: па 10, 20, 50 рублёў па кожнаму пацярпеламу», – падзялілася сваімі думкамі жанчына на выхадзе з залі судовых паседжанняў.

Былы загадчык аддзялення патолагаанатамічнага бюро Аляксей Міхайлаў. Фота «Белсат»

«Я прыйшла падтрымаць свайго сваяка, таго самага загадчыка Аляксея Міхайлава, якому далі больш за ўсіх. Яму і яго калегам ставяць у віну тое, што яны сваёй дзейнасцю нанеслі шкоду патолагаанатамічнаму бюро. Тым, што паслугі, за якімі прыходзілі кліенты, аказвалі не самі, а дазвалялі аказваць іпэшнікам. Але ж яны не маглі аказаць кліентам усе паслугі, бо ў іх не было ні матэрыялаў, ні абсталявання неабходнага», – выказалася прысутная на выраку Ганна Ільіна.

Па словах Ганны, у абвінавачаных не было прапісана ў службовых інструкцыях, што яны нясуць адказнасць за аперацыі па касе. Але ў судзе ўсе гэтыя дакументы з’явіліся. «Мінулай датай і без подпісу. У нас пад барацьбу з карупцыяй патрапіла вельмі шмат людзей. Лічу, што наш закон пра карупцыю ўвогуле няверны, па ім можна прыцягнуць любога. Зараз суд прызнаў 6900 рублёў шкоды, па сутнасці гэта не тая сума, за якую трэба саджаць на 9 год. Смешна, што карупцыянерамі прызналі нават санітарак, але ж якія функцыі яны выконваюць – гэта медперсанал!» – кажа Ганна Ільіна.

Скаякі фігурантаў справы ў чаканні судовага выраку.
Фота: «Белсат»

Ганна Ільіна кажа, што падчас разгляду справы пацярпелыя адмаўляліся ад сваіх тлумачэнняў, маўляў, самі яны не памятаюць, а гэтыя лічбы ім агучыў следчы. На думку Ганны Ільіной па ўсёй краіне судзілі медыкаў і ў Магілёве таксама знайшлі, на кошт каго можна вылучыцца.

Сястра Міхайлава Жанна хацела абараняць брата на судзе, але суд не дазволіў ёй гэта зрабіць.
Фота: «Белсат»

Іншая сваячка загадчыка аддзялення Аляксея Міхайлава – сястра Жанна – таксама не згодна з выракам. «Калі прэзідэнт па тэлебачанню выступіў са словамі пра рытуальныя паслугі, значыць стануць шукаць ахвяр сярод іх. Мой брат працаваў адкрыта і галосна – усе прэйскуранты былі на сайце і ў аддзяленні. Цікавы факт, што спачатку абвінавачванне будавалася на перыядзе з 2015 па 2017 год. Супрацоўнікам моргу намякнулі, што калі вы прызнаеце віну, то мы атрымаем пагоны, а вы – нязначнае пакаранне. Але ніхто з супрацоўнікаў не прызнаў віны. І тады яны сталі разглядаць большы перыяд. А як чалавек можа дакладна ўзгадаць, колькі грошай ён аддаваў 5 ці 10 год таму назад падчас пахавання? У якім ён быў стане, гэта ж усё забываецца!», – сказала пасля суду Жанна Міхайлава.

Сам Аляксей Міхайлаў пісаў у лісце да сястры Жанны: «Усе абвінавачванні ў мой бок будуць будавацца толькі на тлумачэннях людзей, супрацоўнікаў. Тлумачэнні ілжывыя выціскаюць, робяць гэта лёгка – падманам!»

Фота: «Белсат»

Згодна з праверкай у Магілёўскім патолагаанатамічным бюро за 2015-2017 гг, грамадзяне перадавалі санітарам грошы ў адным памеры, а ў касу ўносіліся значна меншыя сумы. Такім чынам за акрэслены перыяд было недаапрыходавана грашовых сродкаў у памеры 5825,72 рублёў, што і склала першапачатковую шкоду бюро.

Усе фігуранты справы збіраюцца абскарджваць судовы вырак у вышэйшай інстанцыі.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў