Напярэдадні пратэставай суботы ў Менску судзяць актывістаў


У Менску суд Цэнтральнага раёну вынес пакаранні актывістам, якія прымалі ўдзел у «Сустрэчы свабодных людзей» на плошчы Свабоды ў Менску 16 лістапада, а таксама і іншых акцыях падчас агітацыйнай кампаніі ў мінулым месяцы, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Першым у судзе Цэнтральнага раёну сталіцы разглядалі справу Паўла Севярынца. Палітыка прызналі вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Падставаю для складання пратаколу стаў удзел Севярынца ў «Сустрэчы свабодных людзей» на плошчы Свабоды ў Менску 16 лістапада. Палітыка аштрафавалі на 50 базавых велічыняў (1275 рублёў).

Пасля суда Паўла Севярынца міліцыянты адвезлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе склалі пратакол за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі ў падтрыманне незалежнасці 7 снежня. Пасля гэтага яго адпусцілі.

Павал Севярынец.
Фота: Белсат

Актывіста Андрэя Кудзіка за ўдзел у акцыі-шэсці 16 лістапада «Сустрэча свабодных людзей», суддзя Іван Касцян аштрафаваў на 30 базавых велічыняў (765 рублёў). За ўдзел у гэтай жа акцыі Арцём Чарняк атрымаў 50 базавых велічыняў (1275 рублёў).

Уладзіміра Цыгановіча, вядомага блогера MozgON судзілі за акцыю NEXTA, якая была 8 лістапада. Блогера аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (765 рублёў).

Чарговы штраф у памеры 50 базавых велічыняў (1275 рублёў) атрымала Вольга Нікалайчык. Актывістку прызналі вінаватай у тым, што 13 лістапада яна раздавала ўлёткі з заклікам выйсці на акцыю «Сустрэча свабодных людзей». Раней Вольгу Нікалайчык аштрафавалі яшчэ на 1275 рублёў за ўдзел у акцыях 8 і 16 лістапада.

Вольга Нікалайчык на перадвыбарчым пікеце.
Фота: belsat.eu

Маладафронтаўцы Максім і Дзяніс Урбановічы былі прызнаныя ў здзяйсненні «дробнага хуліганства» і атрымалі штраф у памеры 30 базавых велічыняў (765 рублёў).

Суды працягнуцца і 6 снежня. Агулам з пачатку бягучага месяца суды маюць разгледзець справы 20 асобаў за ўдзел у лістападаўскіх акцыях.

Аб’ектыў
Паслявыбарчыя рэпрэсіі: затрыманні, суды і штрафы да 1225 рублёў
2019.12.02 21:43

На суботу ў Менску запланаваныя 2 акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Адну з іх арганізоўвае Павел Севярынец.

СК belsat.eu

Стужка навінаў