Судовы канвеер: адразу 17 справаў ў адзін дзень за вулічныя акцыі


У Цэнтральным раённым судзе Менску сёння разглядалі адміністратыўныя справы супраць удзельнікаў акцыі салідарнасці з прадпрымальнікамі, што прайшла 28 лютага.

Лідара АГП Анатоля Лябедзьку пакаралі штрафам памерам 10,5 млн рублёў.

«Рэпрэсіі сталі больш мяккія, але значна больш інтэнсіўныя і нахабныя. Бо цяпер улады робяць стаўку на папаўненне бюджэту за кошт грамадзянаў, якія не хочуць глядзець на свет вачыма Аляксандра Лукашэнкі», – каментуе палітык.

Такі ж штраф атрымаў і Мікола Статкевіч, якога судзілі завочна ды да якога, як і да Анатоля Лябедзькі, ужо прыходзілі судовыя выканаўцы, каб апісаць ягоную маёмасць. На такую ж суму сёння пакаралі і грамадскіх актывістаў Максіма Вінярскага, Вольгу Мікалайчык ды Леаніда Кулакова, які атрымаў штраф адразу за тры акцыі – у тым ліку за пікеты салідарнасці з Надзеяй Саўчанкай. За акцыю падтрымання іпэшнікаў пад пераслед трапіў і актывіст Мікалай Колас – яму далі штраф памерам 4,2 млн рублёў.

«Чым займаюся, дык гэта пошукам працы, і знайсці яе вельмі складана. Таму, што рабіць з гэтымі штрафамі, – проста не ведаю», – заўважае Мікалай Колас.

Пад судовы канвеер за мірную акцыю пратэсту трапілі і прадпрымальнікі Алесь Макаеў і Мікалай Аўтуховіч, які атрымаў спагнанне памерам 4,2 млн рублёў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, лідары БХД Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец, а таксама моладзевыя актывісты Павел Сяргей і Павел Вінаградаў. А яшчэ – палітык і пісьменнік Уладзімір Някляеў, справу якога адправілі на дапрацоўку.

«Тое, што не садзяць на гады і содні, выглядае, можа, для Еўропы лягчэй, а для нас – не. Скажам, я ўжо на гэтыя штрафы палову прэміі, якую займеў за раман «Аўтамат з газіроўкай і без», затраціў», – адзначае Уладзімір Някляеў.

Сярод тых, хто выйшаў на Кастрычніцкую плошчу 28 лютага ды разам з прадпрымальнікамі патрабаваў ад уладаў адмяніць абавязковую сертыфікацыю тавараў, былі таксама лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, пенсіянеры Ніна Багінская і Алесь Абрамовіч, для якога сённяшні штраф на 2,1 млн рублёў стаў ужо другім па ліку.

Вось што думае пра гэта сам Алесь Абрамовіч:

«Заўтра ці найбліжэйшымі днямі, калі пройдзе мітынг на Дзень волі, не выключана, што будуць яшчэ затрыманні, арышты ці штрафы».

Гэта ўжо не першы судовы канвеер над актывістамі ды палітыкамі за акцыі падтрымання прадпрымальнікаў, што праходзілі ў Менску ў лютым.

Большасць пратаколаў праваахоўнікі складалі завочна – гэтак, сапраўдным тэатрам абсурду стала мінулае судовае паседжанне над філосафам Уладзімірам Мацкевічам, якога судзілі за акцыю ІП 15 лютага, калі яго наагул не было ў краіне.

Віталь Бабін

Стужка навінаў