Суддзя прыехала дахаты да інваліда-вазочніка, каб аштрафаваць яго за ўдзел у мітынгу


У Аляксея Каранькова з гораду Барань Аршанскага раёну прайшоў хатні суд. Адміністратыўную справу супраць мужчыны разглядзелі дома, бо ён інвалід першай групы. 11 лістапада ў Менску будуць судзіць яшчэ аднаго вазочніка – вядомага спартоўца Віктара Захар’ева.

Прыйшлі па грошы, нібыта калектары

Аляксея Каранькова судзілі 6 лістапада паводле арт. 23.34 КоАП РБ за ўдзел у мітынгу 25 кастрычніка ў Менску. Мужчына распавёў, што ўвесь адміністратыўны працэс праходзіў у яго дома – спачатку прыйшоў участковы з пратаколам, потым – суддзя Святлана Кузьмічонак з сакратаркай.

«Гэта даволі смешна выглядала – завіталі да мяне дзве маладыя жанчыны, селі на канапу, я – насупраць іх. Ведаеце, як прыходзяць прадаўцы рондаляў усялякіх, раскладаюць свой тавар, – вось на гэта было ўсё падобна», – з усмешкаю распавёў Аляксей.

Аляксей Каранькоў

Яны зачыталі мужчыну абвінавачанні. У дакументах была фармулёўка, што Аляксей быў на недазволеным шэсці з «прычэпленым да інваліднага вазка транспарантам з бел-чырвона-белай сімволікай».

«Суддзя запыталася, ці прызнаю я сваю віну? А ў чым я вінаваты? Што дрэннага ў бел-чырвона-белай сімволіцы, суддзя не патлумачыла. Сказала, што суду задаваць пытанні нельга», – адзначае Аляксей.

У якасці доказаў правапарушэння суддзя паказала фотаздымак Аляксея на мітынгу і скрыншоты з сюжэту «Белсату», дзе карэспандэнтка брала ў мужчыны каментар. Пасля гэтага яна агучыла рашэнне: штраф 3 базавыя велічыні (81 рубель).

«Было адчуванне, што яна і прыйшла да мяне проста агучыць рашэнне. Я думаў раней, што суд – сапраўды такі разгляд справы, і я змагу нейкія аргументы прывесці. Дзе там! Прыйшлі па грошы, як калектары», – кажа Аляксей.

Паводле мужчыны, участковы патлумачыў, што суд прыехаў дахаты з клопатам пра яго, інваліда 1-й групы.

«Мне пандус ніяк не могуць зрабіць – дзе іхны клопат? Увесь гэты год праект малявалі, і толькі на 2021 абяцаюць паставіць – і тое, калі сродкі будуць. А як штраф улупіць, дык тут як тут», – гнеўна кажа мужчына.

Пакуль пандуса няма, Аляксей моцна трымаецца за парэнчы і падымае сябе разам з вазком – гэтак і пераадольвае шлях ад уваходных дзвярэй да ліфта.

«У нас фізічная інваліднасць, а не разумовая»

Цяперашнія падзеі мужчына называе ганьбаю.

«Мне тры базавых, але ж я разумею, што гэта таму, што я – інвалід. Такі льготны тарыф – таксама, хіба, з клопату. А людзям жа і па дваццаць, і болей прылятае».

Аляксей вельмі абураны тым, што мірных людзей судзяць тысячамі, у тым ліку і паводле крымінальных артыкулаў, а супраць сілавікоў, «якія лупяць нас палкамі», дагэтуль не заведзена ніводнай справы.

«Чаму людзі з інваліднасцю выходзяць на маршы? У нас фізічная інваліднасць, а не разумовая. Але тут і дурню зразумела, якое беззаконне ў краіне. Акрамя таго, інвалідам прасцей цяпер пратэставаць, бо паводле закону, нас нельга на содні адправіць, ды і палкамі дубасіць нас наўрад ці будуць, хоць я не выключаю, што яны могуць, бо наўрад ці там вельмі разумныя хлопцы ў гэтых шаломах стаяць».

Аляксей Каранькоў

Аляксей плануе і далей выходзіць на пратэсты. Паводле мужчыны, спыняцца нельга, бо беларусы ўжо вельмі блізка да перамогі:

«Я выходжу за адзін галоўны прынцып – улада ў краіне павінна змяняцца, а не так што, прыйшоў адзін – і сядзіць дзесяцігоддзямі, абражаючы ўсіх іншых: маўляў, яны такія дурні, нічога ў палітыцы не разумеюць, краіну разваляць. Ці хачу я нейкіх зменаў у дачыненні інвалідаў? У гэтай краіне мяняць трэба ўсё. Бо тут нічога няма не толькі для інвалідаў, але і для здаровых людзей. Толькі хлусня пра сацыяльную дзяржаву».

Аляксею Каранькову 33 гады. Інваліднасць ён атрымаў у 2013 годзе падчас няшчаснага выпадку на будоўлі Свята-Елізавецінскага манастыра ў Менску.

Суды і штрафы не пужаюць, а толькі больш злуюць

11 лістапада за ўдзел у мітынгах будуць судзіць яшчэ аднаго вазочніка – менчука Віктара Захар’ева, першага і адзінага ў Беларусі трэнера па кросфіце ў інвалідным вазку. Відавочна, да яго суддзя прыязджаць не збіраецца – у дасланай позве пазначана, што паседжанне адбудзецца ў судзе Савецкага раёну Менску ў 9.30.

Віктар не ведае, за якую дакладна акцыю яго будуць судзіць, бо на складанне пратаколу ён не хадзіў. Кажа, што і на суд няма сэнсу ісці, але «цікава, што там можна будзе пачуць».

«Што там будзе сапраўдны разбор, не веру. Упэўнены, што ў іх даўно напісана зверху, каму які штраф ці содні», – кажа мужчына.

Віктар Захар’еў

Віктар мяркуе, што судамі ды штрафамі ўлады спрабуюць запужаць беларусаў, але атрымліваюць адваротны эфект – людзей гэта толькі больш злуе:

«Мяне яны адназначна не запужаюць. У жніўні я выйшаў за нашыя скрадзеныя галасы, цяпер іду супраць гвалту. І буду ўдзельнічаць да перамогі. Хоць я разумею, што цяпер могуць быць больш жорсткія захады. Улады бачаць, што штрафы не асабліва і пужаюць людзей, таму ўжо крымінальныя справы заводзяць».

Віктару Захар’еву 42 гады. На вазку перасоўваецца з 2001 года, пасля сур’ёзнай траўмы хрыбетніка. Віктар актыўна займаецца спортам. Ён інструктар па кросфіце ў інвалідным вазку, плаванні, гарналыжным спуску, экстрэмальных і водных відах спорту. Цяпер ён трэнуе людзей з інваліднасцю ў адной з менскіх спартзалаў.

НА belsat.eu

Стужка навінаў