«З мэтай паляпшэння ўзаемных разлікаў»: Судан «падарыў» Беларусі яшчэ адно радовішча золата


Пра гэта 10 снежня Аляксандр Лукашэнка паведаміў падчас перамоваў з прэзідэнтам Судану Амарам аль-Башырам, які цяпер знаходзіцца з афіцыйным візітам у Менску.

«З мэтай паляпшэння ўзаемных разлікаў у гандлі мы дамовіліся, што беларускія кампаніі будуць весці здабычу золата на вашай тэрыторыі, вашыя нетры вельмі багатыя на гэты метал. Я вам удзячны за тое, што вы прынялі рашэнне аб выдзяленні нам другога радовішча па здабычы золата», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Участак знаходзіцца бліжэй да ракі Ніл, і, паводле папярэдняй інфармацыі, асабліва з улікам блізкасці водных запасаў, распрацоўка золата тут мэтазгодная, – сказаў belta.by міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык. – Суданскі бок паабяцаў выдзеліць гэты ўчастак літаральна ў бліжэйшы час».

На якіх умовах Беларусь будзе весці здабычу золата, міністр не ўдакладніў. «Пакуль рана казаць пра канкрэтныя ўмовы», – сказаў чыноўнік.

Падчас перамоваў таксама было прынятае рашэнне аб стварэнні беларуска-суданскага машынабудаўнічага цэнтру. У ім будуць збіраць беларускія трактары, аўтамабілі і будаўнічую тэхніку. Акрамя таго, Беларусь пабудуе ў Судане малочныя фермы і цяплічныя камбінаты.

Паводле прэс-службы кіраўніка Беларусі, бакі таксама дамовіліся аб супрацы ў медычнай, банкаўскай і гуманітарнай галінах.

Неўзабаве Беларусь плануе адкрыць у Судане амбасаду.

Hавiны
ЗША знялі санкцыі з рэжыму суданскага дыктатара аль-Башыра, якога абвінавачваюць у генацыдзе
2017.10.07 08:52

ЮВ, belsat.eu, паводле president.gov.by

Стужка навінаў