Суд зноў падоўжыў арышт «беларускаму шпіёну» Юрыю Палітыку


Новазаводзкі раённы суд Чарнігава падоўжыў да сярэдзіны жніўня арышт грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, якога ўкраінскія спецслужбы вінавацяць у шпіянажы.

Рашэнне аб падаўжэнні арышту на 2 месяцы было прынятае 6 чэрвеня. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

Нагадаем, Юрыя Палітыку затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, беларус у інтарэсах трэцяга боку збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.

Папярэдні разгляд справы Юрыя Палітыкі распачаўся 12 лютага, але за гэты час суд амаль не прасунуўся наперад. Паседжанне раз за разам адкладаліся – або з прычыны адсутнасці перакладчыка, або з прычыны адсутнасці адвакатаў. Нарэшце 15 траўня калегія суддзяў Чарнігаўскага раённага суду, якая мусіла разглядаць «шпіёнскую справу» Юрыя Палітыкі, узяла самаадвод. Цяпер справай будзе займацца Новазаводскі суд Чарнігава.

Belsat.eu пісаў пра дэталі «шпіёнскай» справы – падрабязна чытайце тут.

Раней некаторыя ўкраінскія эксперты выказвалі меркаванне, што працэс над Палітыкай можа быць люстэркавай рэакцыяй на суд над Паўлам Шаройкам у Менску. Журналіста Украінскага нацыянальнага радыё Шаройку затрымалі ў Менску ў кастрычніку і абвінавацілі ў шпіянажы. Вярхоўны Суд прысудзіў яго да 8 гадоў пазбаўлення волі. 30 траўня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што не выключае магчымасці абмену «ўкраінскага шпіёна» Паўла Шаройка на «беларускага шпіёна» Юрыя Палітыка.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў