Суд за тое, што ішла са сцягам. У Магілёве судзілі доктара з Бялыніч


22 верасня суд Ленінскага раёну Магілёва разглядаў справу доктара-тэрапеўта з Бялыніч Аліны Лахцікавай. Дзяўчыну вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з мэтай публічнага выказвання нязгоды з вынікамі выбараў прэзідэнта краіны.

У дачыненні Аліны супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння паводле артыкулу 23.34 КаАП – за ўдзел у мірным шэсці. Дзяўчыну затрымалі 6 верасня, у дзень, калі ў Магілёве сапраўды праходзіў мірны марш пратэсту. Але ішла Аліна не ў калоне, а ўдвух з сябрам.

«6 верасня я прыехала ў Магілёў ужо пасля таго, як акцыя скончылася. Я была ў горадзе праездам, я мела 3 гадзіны вольнага часу да маршруткі на Віцебск. І я вырашыла пагуляць па цэнтру са сваім сябрам».

Гуляла Аліна з бел-чырвона-белым сцягам на плячах. Праз гадзіну такога шпацыру яе разам з сябрам затрымаў АМАП без тлумачэння прычын. Маладых людзей даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе на Аліну склалі пратакол правапарушэння за ўдзел у шэсці, хаця яна ў ім відавочна не ўдзельнічала. Маршрутка на Віцебск у той вечар з’ехала без дзяўчыны.

Аліна Лахцікава ў судзе. Фота belsat.eu

Сёння падчас разгляду справы суддзя Алена Літвіна запыталася ў Аліны, чаму тая ішла са сцягам.

«Гэта гістарычны сцяг Беларусі, я нарадзілася пад ім», – адказала дзяўчына.

Цікавая акалічнасць, што ў рапарце, які быў у справе, супрацоўнік міліцыі назваў бел-чырвона-белы сцяг «апазіцыйным».

Пасля суддзя цікавілася рознымі рэчамі, якія не маюць непасрэднага дачынення да справы. Напрыклад, ці хадзіла Аліна на выбары, ці згодна яна з вынікамі гэтых выбараў, а таксама пра тое, ці глядзіць Аліна тэлевізар і ці чытае навіны ў інтэрнэце. А напрыканцы Алена Літвіна запыталася, ці ведае дзяўчына, што ў Беларусі зараз праходзяць несанкцыянаваныя мітынгі і шэсці?

Суддзя Алена Літвіна. Фота belsat.eu

У выніку суддзя Алена Літвіна прыняла рашэнне вярнуць справу назад у РАУС на дапрацоўку. Якія менавіта памылкі яна знайшла ў матэрыялах справы, яна не ўдакладніла. Гэта значыць, што цяпер міліцыя зноўку можа шукаць Аліну, каб скласці новы адміністрацыйны пратакол. А пасля можа зноўку перадаць справу ў суд. Тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці – 2 месяцы з моманту падзеі.

«Я проста гуляла з бел-чырвона-белым сцягам. Сімволіка гэтая не забароненая, як мне ў РАУСе гаварылі. Я не лічу, што я нешта парушыла. Для мяне гэта выглядае вельмі дзіка і бязглузда. А што, калі б я ішла ў бела-чырвона-белай сукенцы? Я не магу гэта прыняць і з пратаколам катэгарычна не згодна», – сказала Аліна Лахцікава.

У цэлым 22 верасня праз суд Ленінскага раёну Магілёва прайшло 9 адміністрацыйных справаў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Усіх удзельнікаў мірных маршаў прыцягваюць па аднаму і таму ж артыкулу – 23.34 КаАП. Жыхар Магілёва Аляксандр Лобараў атрымаў штраф 10 б.в., Аляксандр Кавалёў атрымаў 8 содняў адміністрацыйнага арышту, але былі і такія, справу якіх накіравалі назад у РАУС на дапрацоўку.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў