Суд за Слуцкія паясы і супрацу з «Белсатам» перанеслі


Гарадзенскіх журналістаў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюду «прадукцыі СМІ». Адбылося першае паседжанне.

Суддзя Ленінскага раёну Горадні Алена Пятрова адхіліла хадайніцтва аб тым, каб працэс адбываўся на беларускай мове, а таксама заслухала сведку па справе – працаўніцу музею, якая пацвердзіла, што журналісты здымалі сюжэт пра Слуцкія паясы. Яна ж давала інтэрвю журналістам, якое было выкарыстанае ў інфармацыйным матэрыяле.

Журналісты і праваабаронцы лічаць абвінавачванні беспадстаўнымі, бо вырабляць і распаўсюджваць прадукцыю СМІ могуць толькі юрыдычныя асобы – тэлеканалы, рэдакцыі газет і г.д.

«У мяне склалася ўражанне, што суддзя была непадрыхтаваная да працэсу. Калі мы прыйшлі за дзве хвіліны ад часу, калі мелася распачацца пасяджэнне, яна вельмі здзівілася і стала распытваць, хто мы, – гаворыць журналіст Алесь Дзянісаў. – Падчас паседжання ў мяне склалася ўражанне, што яна не арыентуецца ў справе і не разумее, пра што ідзе гаворка. Быццам увесь працэс для яе быў нечаканасцю. Яна ледзь не забылася выклікаць сведку, якая прыйшла ў суд.Разгляд перанеслі, бо суддзя сказала, што мусіць праглядзець дыск з запісам праграмы».

Матэрыял пра выставу Слуцкіх паясоў быў у эфіры «Белсату» 4 сакавіка. У сюжэце не закраналіся палітычныя ці вострыя грамадскія пытанні. Тым не менш, гарадзенскіх журналістаў могуць аштрафаваць за «выраб і распаўсюд» гэтага матэрыялу. Наступнае судовае пасяджэнне мае адбыцца 22 красавіка.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў