Суд вынес максімальна суровы прысуд па справе аб гібелі роўпджампэра


Суд прысудзіў да трох гадоў калоніі 27-гадоваму індывідуальнага прадпрымальніка Аляксея Нікітчанка, які арганізаваў скачкі з 70-метровай вышыні ў Соснах, дзе ў чэрвені разбіўся жыхар Салігорску. Паводле прысуду ён таксама абавязаны выплаціць 60 тысяч бацьку загінулага роўпджампэра і 30 тысяч яго роднай сястры.

Рашэнне 23 студзеня прыняў суд Заводскага раёну Менска. Нікітчанка прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 144 (Прычыненне смерці па неасцярожнасці). На прысуд Нікітчанка прыйшоў з заплечнікам – падчас працэсу ён быў на волі. Яго ўзялі пад варту ў зале суда. Адзначым, што 3 гады калоніі – максімальны тэрмін пакарання па яго артыкуле.

18 чэрвеня 2017 года ў пасёлку Сосны, скачучы з 70-метровай вышыні, Яўген Лапановіч разбіўся на вачах у сваёй нявесты. За некалькі гадзін да трагедыі хлопец зрабіў дзяўчыне прапанову. Ужо падчас судовага разбіральніцтва высветлілася, што арганізатар скачка Нікітчанка не рыхтаваў Яўгена да скачка, не апрануў на яго страховачны пояс, не праводзіў інструктаж, упершыню маладога чалавека ён убачыў, калі той выйшаў на масток, каб здзейсніць скачок.

Нікітчанка вінаватым сябе не прызнаў – у судзе ён настойваў на тым, што гэта быў няшчасны выпадак.

 

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў