Суд у Лепелі агучыў чарговы прысуд за дзедаўшчыну


ўрачысты парад на мітынгу у гонар 9 траўня. Городня 9 мая 2017. Васілій Малчанаў / Белсат

Жаўнер, якога вінавацілі ў дзедаўшчыне, атрымаў год пазбаўлення волі.

Аднак суд вырашыў не выконваць пакаранне, калі цягам года выпрабавальнага тэрміну 22-гадовы вайсковец С. не здзейсніць новага злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго абавязкі.

Такое рашэнне прынялі 4 ліпеня з улікам прызнання віны абвінавачаным падчас выязнога судовага паседжання суда Лепельскага раёну.

С. вінавацілі паводле ч. 2 арт. 443 Крымінальнага кодэксу (парушэнне ўстаўных правілаў узаемаадносінаў паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус вайскоўца, пры адсутнасці адносінаў падпарадкаванасці).

Прэс-служба Віцебскага абласнога суду адзначае, што абвінавачаны ў студзені 2018 года ўжыў гвалт у дачыненні да жаўнераў больш позняга прызыву – жадаючы паказаць «сваю ўяўную перавагу».

Пацярпелыя прэтэнзіяў да С. не мелі і прасілі яго строга не караць.

Суд наклаў на абвінавачанага абавязак адпрацаваць 100 гадзінаў грамадска-карысных працаў і выплаціць у прыбытак дзяржавы крымінальна-працэсуальную кампенсацыю ў памеры 1225 рублёў.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары