Суд у Івацэвічах стаў на бок жыхара раёну, які судзіўся з міліцыянтамі


Міліцыянты ў Івацэвічах яшчэ летась затрымалі жыхара раёну Антона Іванова і змясцілі яго ў камеру за тое, што ён набыў у аднавяскоўца скрадзеныя інструменты. Змяшчэнне ў камеру супрацоўнікі РАУС абгрунтавалі тым, што мужчына брудна лаяўся ў кабінеце міліцыянтаў, за што на яго склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Антон Іваноў не пагадзіўся з гэтым і накіраваў скаргу ў пракуратуру. Адбыўся суд, на якім суддзя, прызнаў жыхара раёну невінаватым.
У судзе супраць Антона Іванова сведчылі міліцыянты Івацэвіцкага РАУС Арцюшэня, Кікун і Котаў. Міліцыянты сцвярджалі, што Антон Іваноў у будынку Івацэвіцкага РАУС наўмысна гучна лаяўся нецэнзурнай лаянкай у прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі, крычаў, размахваў рукамі, на неаднаразовыя патрабаванні спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагаваў, чым парушыў грамадскі парадак і спакой грамадзянаў, якое адлюстравалася ў відавочнай непавазе да грамадства, здзейсніў правапарушэнне, прадугледжанае арт. 17.1 КаАП.
«Мяне затрымалі і пасадзілі на ноч у камеру. Раніцай наступнага дня прынеслі праз акенца нейкія паперкі, запатрабавалі, каб падпісаў іх. Я зрабіў глупства, што паставіў свой подпіс. Але пасля ночы ў камеры проста хацелася як мага хутчэй патрапіць дадому. Ужо потым я даведаўся, што, згодна з пратаколам, учыніў дробнае хуліганства. Што тычыцца набыцця скрадзеных інструментаў, а гэта была падстава для выкліку мяне ў РАУС – так, яны былі ў мяне. Але я не ведаў, што гэта крадзеныя рэчы. Натуральна, я аддаў іх», – распавёў «Белсату» Антон Іваноў акалічнасці справы.
Пасля гэтага жыхар Івацэвіцкага раёну напісаў скаргі ва УАБ і пракуратура вобласці. Праваахоўнікі выявілі недакладнасці і неадпаведнасці ў пратаколе івацэвіцкіх міліцыянтаў і накіравалі справу на перагляд у суд. І нягледзячы на сведчанні міліцыянтаў, суддзя палічыў, што іх словы неабгрунтаваныя і стаў на бок жыхара Івацэвіцкага раёна.
СК, belsat.eu
Стужка навінаў