Суд у Італіі прызнаў байца Нацгвардыі вінаватым у гібелі фотажурналіста на Данбасе


Баец украінскай Нацгвардыі 29-гадовы Віталь Маркіў пакараны 24 гадамі пазбаўлення волі за забойства італьянскага фотакарэспандэнта Андрэа Ракэлі, паведамляе DW. Прысуд ужо выклікаў хвалю абурэння ва Украіне.

Андрэа Ракэлі і ягоны перакладчык Андрэй Міронаў трапілі пад абстрэл і былі забітыя каля пасёлку Андрэеўка пад Славянскам ў траўні 2014 года. Італьянскі фотакарэспандэнт стаў першым журналістам, які загінуў падчас канфлікту ў Данбасе.

Пракуроры палічылі гібель Ракэлі наўмысным забойствам, піша «Украінская праўда». Па іх версіі, знаходзячыся на гары Карачун, Маркіў перадаў інфармацыю аб знаходжанні журналіста украінскай арміі. Абарона зняпраўджвае гэтыя абвінавачванні, настойваючы на тым, што журналісты знаходзіліся ў зоне баявых дзеянняў без апазнавальных знакаў і сталі ахвярамі перакрыжаванага агню. Італьянскі бок пры гэтым адмовіўся ад правядзення следчых дзеянняў на месцы здарэння, а таксама праігнараваў прапановы Украіны аб стварэнні сумеснай следчай групы.

Міністр унутраных справаў Украіны Арсен Аваков назваў прысуд Марківу несправядлівым і ганебным.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў МЗС і Генпракуратуры тэрмінова заняцца пытаннем вяртання на радзіму асуджанага нацгвардзейца.

Марківа затрымалі ў Італіі 30 чэрвеня 2017 года.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў