Суд у Чарнігаве падоўжыў арышт «беларускаму шпіёну» да 14 красавіка. Новыя падрабязнасці справы Юрыя Палітыкі


Чарнігаўскі раённы суд пастанавіў працягнуць на 60 содняў арышт беларусу, якога абвінавачваюць у шпіянажы. Юрый Палітыка застанецца ў СІЗА да 14 красавіка.

Раней пракурор папрасіў працягнуць арышт абвінавачанаму беларусу, папярэдні прызначаны судом тэрмін утрымання Палітыкі пад вартай скончваўся 16 лютага.

Суд хадайніцтва пракурора задаволіў, абгрунтаваўшы гэтае рашэнне тым, што злачынства паводле арт. 114 КК Украіны «Шпіянаж» належыць да катэгорыі асабліва цяжкіх. Захада стрымання не будзе змененая, бо падазраваны можа схавацца ад правасуддзя «у тым ліку на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі» і ўплываць на сведкаў з мэтаю здабыць доказы сваёй невінаватасці.

На сённяшняе паседжанне адвакаты Палітыкі (агулам іх трое) не з’явіліся. Старэйшы саветнік амбасады Беларусі ва Украіне Сяргей Бобаў, які прысутнічаў на паседжаннях два апошнія дні, таксама не прыйшоў. Папярэдняе слуханне па справе адкладзена на 15: 30 27 лютага.

Менчука Юрыя Палітыку вінавацяць у зборы сакрэтнай інфармацыі ва Украіне на карысць іншай дзяржавы. Учора з фрагментаў матэрыялаў справы, зачытаных пракурорам, сталі вядомыя новыя акалічнасці гэтай гісторыі.

У чым вінавацяць грамадзяніна Беларусі

Паводле версіі следства, Палітыка «ініцыятыўна ўсталяваў кантакт» з украінскім вайскоўцам Дзмітрыем Острыкам і ад яго атрымаў аэраздымкі зоны АТА і зашыфраваную мапу са схемай наступальнай аперацыі «Шторм», якую Узброеныя сілы Украіны планавалі правесці супраць ДНР у кірунку Новаазоўска 8-12 ліпеня 2017 году. Гэты файл у мабільным тэлефоне Палітыкі знайшлі супрацоўнікі СБУ пры затрыманні ў памежным пункце «Новыя Ярылавічы» летась 16 чэрвеня. Следства лічыць, што беларус збіраўся перадаць звесткі «неўстаноўленай дзяржаве». Беларусь і яе спецслужба КДБ пры гэтым не называюцца.

Палітыка сцвярджае, што яго «падставілі» і ён не збіраў ніякай сакрэтнай інфармацыі, абвінавачванне ў шпіянажы і на карысць Беларусі, і на карысць Расеі ён абвяргае. У сваім лісце ў беларускую амбасаду Палітыка распавёў пра катаванні з боку ўкраінскіх сілавікоў: яго нібыта душылі, нацягвалі торбу на галаву, «ладзілі паказальны расстрэл», вывозілі ў лес. Усё гэта, па словах Палітыкі, прымусіла яго агаварыць сябе. Аднак СБУ зняпраўдзіла звесткі аб катаваннях. Амаль адначасова Генпракуратура Беларусі назвала справу «палітычнай».

«Мяне вельмі сурʼёзна падставілі. Ва Украіне патрэбныя закладнікі, і я закладнік сітуацыі. Я не парушаў заканадаўства ні Беларусі, ні Украіны. Адзінае, чаго я хацеў – стаць чальцом грамадскай арганізацыі «Поўнач», якая дапамагае вайскоўцам аналізаваць сітуацыю на мяжы з ворагам, з ДНР. Сам я не збіраўся ўступаць у добраахвотніцкі батальён, ваяваць. Хаця мяне заўжды цікавіла ваенная справа, канфлікты», – сказаў belsat.eu Юры Палітыка.

З паказанняў сведкі Яўгена Орды, святара Кацярынінскай царквы ў Чарнігаве, вынікае: Палітыка прыходзіў да яго з просьбай дапамагчы ўступіць у адзін з добрабатаў. Орда перадаў просьбу беларуса знаёмаму вайсковаму камандзіру, але той папярэдзіў, што Палітыка «можа быць інфарматарам КДБ».

Паводле абвінавачанага, ён збіраўся «звязаць свой лёс» з Украінай. Упершыню ён прыехаў у Чарнігаў у траўні 2016 года, нягледзячы на тое, што меў працу ў Менску, у ВТБ-Банку, і кантракт скончваўся толькі ў кастрычніку таго ж году.

«У арганізацыю «Поўнач» мяне ніяк не маглі афіцыйна прыняць, цягнулі час. Мая функцыя была ў тым, каб аналізаваць здымкі дрона з мяжы з ДНР, супастаўляць іх са спадарожнікавымі здымкамі на мапах Google і Yandex. Некаторыя такія заданні мне давалі рабіць дома», – распавёў belsat.eu абвінавачаны.

На пытанне журналіста, ці валодае ён адпаведнай кваліфікацыяй для аналізу здымкаў і чаму недзяржаўная арганізацыя ўвогуле робіць гэтую працу, Палітыка адказаць не змог. Раней ён сцвярджаў, што паехаў у Чарнігаў «адпачыць і на закупы», праз пэўны час ужо казаў пра лагістычную кампанію, куды нібыта «марыў уладкавацца».

Суд не будзе хуткім

Суддзя Уладзіслаў Кухта, які ўзначальвае судовую калегію па справе, паведаміў:

«Працэс складаны, шмат удзельнікаў, абʼёмныя матэрыялы справы. Толькі адвакатаў трое, а яшчэ будуць і сведкі. З гэтай прычыны можна прагназаваць, што будзе шмат паседжанняў, працэс будзе цягнуцца даволі доўга».

Раней адвакаты заявілі адвод складу суда, спаслаўшыся на парушэнні з боку суддзяў. Аднак хадайніцтва не задаволілі і судзіць Палітыку надалей будзе тая ж калегія. Акрамя таго, адвакаты запатрабавалі перакладчыка на беларускую мову, а не на расейскую. Цяпер абарона мае час да 27 лютага, каб знайсці адпаведнага спецыяліста.

Адзначым, што перакладчыка на беларускую просіць і сам Палітыка – на судзе ён сказаў, што толькі «часткова разумее» расейскую мову. На пытанні журналіста belsat.eu па заканчэнні сённяшняга паседжання Палітыка адказваў спачатку па-беларуску, але потым перайшоў на свабодную расейскую.

***

Belsat.eu працягне сачыць за развіццём падзеяў вакол «шпіёнскай справы».

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў