У Барысаве будуць судзіць за дзедаўшчыну


Суд Барысаўскага раёну пачне разгляд крымінальнай справы 24-гадовага шарагоўца, якога вінавацяць у парушэнні ўстаўных дачыненняў у войску. Паседжанне прызначанае на 13 чэрвеня.

Пра гэта ў сваім «Facebook» паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага суда Беларусі Юлія Ляскова.

Мужчыну вінавацяць у парушэнні ўстаўных адносінаў у войску і ў парушэнні правілаў нясення вайсковай службы (ч. 1 арт. 443, арт. 454 і ч. 2 арт. 443 Крымінальнага кодэксу).

Сюжэт «Аб’ектыву» пра беларускае войска

У справе апісаны адзін з эпізодаў злачынства:

«…знаходзячыся на 227-м агульнавайсковым палігоне ў г. Барысаве, падчас знаходжання днявальным у сутачным нарадзе па намётавым лагеры гранатамётны ўзвода, жадаючы прадэманстраваць сваю ўяўную перавагу над вайскоўцам больш позняга тэрміну прызыву […] наўмысна ўжыў гвалт у дачыненні да ваеннаслужачага (схапіў рукою за рукаў форменнага абмундзіравання і зацягнуў да месца для мыцця, дзе нанёс пацярпеламу ўдар нагой у вобласць сцягна правай нагі, штурхнуў рукамі ў вобласць пляча, затым нанёс не менш за 4 удары рукамі ў вобласць ніжняй часткі тулава, паваліў яго на зямлю і нанёс удар рукой па сталёвым шлеме, надзетым на галаву пацярпелага».

Учора суд Пухавіцкага раёну Менскай вобласці вынес прысуд малодшаму сяржанту, які абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў у войску. Гэта ўжо мінімум восьмы прысуд ваеннаслужачаму ў Беларусі за апошнія месяцы.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў