Суд стаў на бок менчукоў, якія баранілі магілы сваякоў на Вайсковых могілках


Суд стаў на бок жыхароў сталіцы, магілы сваякоў якіх Спецкамбінат камунальна-бытавога абслугоўвання пашкодзіў у межах добраўпарадкавання. Суд Фрунзенскага раёну пастанавіў, што прадпрыемства павіннае кампенсаваць тром пазоўнікам маральную шкоду, падае «Tut.by».

Спецкамбінат, які адказвае за Вайсковыя могілкі, летась знёс тут дзясяткі старых крыжоў і надмагілляў. Замест іх на магілах усталёўваліся гэтак званыя «падгалоўнікі».

Камунальнікі заяўлялі, што зносяць толькі тыя помнікі, якія знаходзяцца ў занядбаным стане.

Менчукі Данат Яканюк, Ірына Маркевіч і Анжэліка Сяргеева, на магілах сваякоў якіх былі знесеныя крыжы і агароджы, разам з валанцёрамі звярнуліся са скаргай у суд.

Падчас судовага працэсу выявілася, што надмагіллі прынамсі дзвюх з трох могілак не лічыліся трухлявымі.

Пазоўнікі ацэньвалі маральную шкоду ад дзеянняў камбінату ў Br 10 000 кожны. Пракурор прасіў адмовіць у задавальненні пазову.

Суд стаў на бок пазоўнікаў, але зменшыў суму кампенсацыі.

Паводле рашэння суду, са спецкамбінату на карысць Яканюка, Сяргеевай і Маркевіч вырашана спагнаць на кожнага па Br 1000 плюс грошы за судовыя выдаткі – па Br 76,5, удакладніла ў «Фэйсбуку» валанцёрка Кацярына Парыжаская.

Добраўпарадкаванне Спецкамбінатам КБА Вайсковых могілак выклікала бурную рэакцыю грамадскасці. Каб абараніць магілы ад зносу, валанцёры некалькі месяцаў фарбавалі крыжы і агароджы магілаў, якія камбінат прызнаў закінутымі.

Паводле валанцёраў, адказная за разбурэнне было не толькі дзяржаўнае прадпрыемства, але і царква, якая была ініцыятарам пашырэння сцежак і пабудовы праезду да царквы.

Самыя Вайсковыя могілкі з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. З нагоды законнасці дзеянняў камбінату актывісты былі звароты ў пракуратуру, якая прадпісала спыніць працы на могілках да распрацоўкі праекту іхнай рэканструкцыі.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў