Суд стаў на бок акумулятарнага заводу


12 сакавіка Берасцейскі абласны суд не задаволіў скаргу эколагаў аб спыненні будовы заводу падчас разгляду справы.

Напрыканцы студзеня грамадская арганізацыя «Экадом» і некалькі прыватных асобаў звярнуліся ў суд Маскоўскага раёну Берасця з іскаваю заяваю аб прыпыненні гаспадарчай дзейнасці кампаніі «АйПаўэр» з 12 па 21 сакавіка.

У адказ завод папрасіў суд, каб заяўнікі забяспечылі магчымыя для адказчыка страты ў памеры Br 861 754, 64 – уносячы суму на дэпазітны рахунак суду.

Рашэнне Берасцейскага абласнога суду было не на карысць праціўнікаў будаўніцтва заводу.

«Пазоўнік патрабаваў прыпыніць будоўлю на час разгляду справы, але яму ў гэтым адмовілі. Прадстаўнікі заводу заявілі, што калі будоўля будзе спыненая, яны панясуць страты, і назвалі суму магчымых стратаў. У такіх дзеяннях прадстаўнікоў заводу я бачу маніпуляцыю, парушаныя правы людзей, і «АйПауэр» нясе за гэта адказнасць. Чаму людзі павінны за гэта плаціць?» – кажа ў размове з «Белсатам» праваабаронца Раман Кісляк.

Асноўны разгляд справы аб спыненні будаўніцтва заводу адбудзецца 21 сакавіка.

ЦЛ

Стужка навінаў