Суд спыніў справу супраць журналістаў «Белсату» за матэрыял, які рабілі не яны


Суд Ленінскага раёну Горадні 24 красавіка спыніў справу ў дачыненні журналістаў «Белсату» – Алеся Дзянісава, Аляксея Кайрыса і Катажыны Ляўдацкай, якіх спрабавалі прыцягнуць да адказнасці за нібыта выраблены імі матэрыял пра кампазітара і спевака Чэслава Немэна. Прытым што гэты матэрыял рабілі іншыя журналісты.

Як распавёў карэспандэнт belsat.eu у Горадні, суддзя даў выказацца кожнаму з падсудных, а таксама прадстаўніку Шчучынскай міліцыі. Пры гэтым Катажына Ляўдацкая «фактычна распяла прадстаўніка міліцыі, бо ён нават не здолеў перакласці з польскай мовы цітры ў канцы гэтай перадачы, за якую іх судзілі».

Hавiны
Журналістаў «Белсату» судзяць за матэрыял, які рабілі іншыя журналісты «Белсату»
2019.04.22 20:40

«У гэтых цітрах напісаныя зусім іншыя тры прозвішчы людзей, якія працавалі над перадачай. І ён проста паплыў: ён не ведаў польскай мовы, не цікавіўся, што гэта за людзі і што было напісана ў цітрах», – адзначыў карэспандэнт.

Пасля быў абвешчаны перапынак, па выніках якога суддзя спыніў справу ў дачыненні да журналістаў. Гэтае рашэнне прысутныя – каля 25-30 чалавек, якія прыйшлі падтрымаць абвінавачаных – сустрэлі воплескамі.

Суд над журналістамі.
Фота: «Белсат»

Катажына Ляўдацкая выказала радасць з нагоды таго, што рашэнне было вынесенае на карысць журналістаў.

«Але па сутнасці міліцыянты не мелі ні доказаў, ні пацверджанняў сведкаў, ні дакументаў – нічога. І ўвогуле лічу гэта парушэннем сваіх правоў, бо гэта ненармальна прыцягваць да адказнасці чалавека, не маючы ніякіх падстаў да гэтага», – заявіла яна.

Людзі, якія прыйшлі падтрымаць журналістаў.
Фота: «Белсат»

Журналістка таксама адзначыла, што замест таго, каб у святочныя велікодныя дні быць са сваімі блізкімі, была вымушаная сядзець «у гэтых будынках з людзьмі ў форме».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў