Суд не задаволіў скаргу затрыманага журналіста «Белсату» Аляксандра Баразенкі


10:32 Суддзя гарадскога суда Менску не прыняў доказы невінаватасці Аляксандра Баразенкі і пакінуў папярэднее рашэнне суддзі Маскоўскага суда Таццяны Мотыль. Журналіста не вызваляць. Ён застаецца на Акрэсціна.

Аляксандр Баразенка п’е толькі ваду, сокі і турэмную гарбату. Наш калега аб’явіў галадоўку ў знак пратэсту супраць несправядлівага арышту.

На волю ён выйдзе 9 красавіка.

10:18 Суддзя Ігар Любавіцкі абвесціў перапынак для прыняцця рашэння. Да гэтага ён праглядзеў запіс, які даказвае невінаватасць журналіста.

10:15 Адвакат Аляксандра Баразенкі просіць адмяніць рашэнне суда пра арышт Аляксандра Баразенкі.

10:03 Суддзя абвесціў перапынак, каб прагледзець відэа.

10:00 Забаранілі відэаздымкі. Адвакат Аляксандра Баразенкі прадстаўляе суддзе доказ – відэазапіс затрымання.

09:59 У залі паседжання гарадскога суда Менску сваякі Аляксандра Баразенкі і журналісты. Чакаюць на суддзю.

09:55 Журналістаў пусцілі ў залу суда. Аляксандра Баразенку ў суд не прывязуць, ягоныя інтарэсы будзе прадстаўляць адвакат.

«Спадзяемся на справядлівае рашэнне», – кажа прадстаўнік нашага тэлеканалу ў Беларусі Аляксей Мінчонак.


5 красавіка будзе абскарджанае рашэнне ў справе журналіста нашага тэлеканалу.

Разгляд скаргі прызначаны на 10-ую гадзіну ў Менскім гарадскім судзе.

«Спадзяемся, што здаровы розум возьме сваё, што суддзя прагледзіць відэа і ўпэўніцца, што Аляксандр нічога не парушаў, не лаяўся», – кажа прадстаўнік нашага тэлеканалу ў Беларусі Аляксей Мінчонак.

27 сакавіка аператар «Белсату» Аляксандр Баразенка быў асуджаны за тое, што нібыта нецэнзурна выказваўся падчас вулічнай акцыі 25 сакавіку, якую асвятляў. Аднак відэа з камеры, што была ў руках журналіста, абвяргае такое сцвярджэнне: Аляксандр Баразенка не лаяўся, а наадварот падкрэсліваў, што ён журналіст.

Відэа з камеры Аляксандра Баразенкі

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў