Суд прызнаў бяздоказнымі ўсе расейскія версіі гібелі авіярэйсу МН17


Малайзійскі «Боінг», які ляцеў рэйсам МН17 з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур / BBC

Нідэрландскі суд больш не будзе вывучаць расейскія версіі гібелі цывільнага рэйса МН17, які быў збіты на ўсходзе Украіны падчас баявых дзеянняў летам 2014 года, паведамляе агенцыя Reuters.

17 ліпеня 2014 года працягваліся актыўныя баявыя дзеянні паміж украінскімі войскамі і расейскімі ўзброенымі фармаваннямі. У гэты дзень лайнер Malaysia Airlines ляцеў над тэрыторыяй, дзе адбываліся баі, з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, і ў самалёт патрапіла зенітная ракета, лічыць міжнародная следчая група.

Паводле абвінавачання, ракету выпусцілі з тэрыторыі, акупаванай расейскімі ўзброенымі фармаваннямі. Усе 298 чалавек, якія зайшлі на борт самалёта, загінулі.

У мінулым годзе міжнародная следчая група заявіла, што ракетны комплекс, які быў выкарыстаны для знішчэння лайнера, быў прывезены на ўсход Украіны з тэрыторыі Расеі. Расея з 2014 года і дагэтуль у той ці іншай ступені кіруе антыўкраінскімі ўзброенымі фармаваннямі на Данбасе, забяспечвае іх усімі магчымымі сродкамі, у тым ліку зброяй, тэхнікай, боепрыпасамі, палівам, грашыма, разведкай, сувяззю.

Масква ад пачатку адмаўляла сваю ролю ў знішчэнні цывільнага лайнера і прапаноўвала разнастайныя версіі таго, што адбылося.

У выніку суд у Амстэрдаме заключыў, што аніводная з маскоўскіх версіяў не мае хоць нейкіх доказаў, якія б можна было разглядаць. Таксама суд заявіў, што варта яшчэ раз паспрабаваць выклікаць для дачы паказанняў камандзіра расейскай 53-й брыгады супрацьпаветранай абароны (Курск).

Менавіта гэтай брыгадзе, як лічыць абвінавачанне, належаў зенітна-ракетны комплекс «Бук», які выпусціў ракавую ракету.

Пяць гадоў збіццю «MH17». Гісторыя крушэння і яго расследавання

Стужка навінаў