Суд пакараў удзельнікаў вечарыны, падчас якой ад псіхатропаў загінула 19-гадовая студэнтка


Суд Першамайскага раёну Менску абвесціў прысуды семярым удзельнікам вечарыны, на якой ад ужывання псіхатропнага рэчыва памерла 19-гадовая дзяўчына, паведамляе TUT.BY

Антона, адзінага з кампаніі, які перабываў пад вартай, вызвалілі ў зале суда. Яго асудзілі на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пакуль прысуд не ўступіць у сілу, малады чалавек будзе знаходзіцца пад падпіскаю аб нявыездзе.

Яшчэ адной абвінавачанай – Сафіі – далі два гады «хатняй хіміі». Астатнія пяцёра чалавек атрымалі па два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання. Іхная віна цалкам даказаная, заявіла падчас судовых спрэчак пракурор Ірына Кузняцова і прасіла для двух абвінавачаных рэальны тэрмін.

Эксперты прыйшлі да высновы, што ўсе абвінавачаныя ўсведамлялі свае дзеянні. Наркатычнай або алкагольнай залежнасці ў маладых людзей няма.

Абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 328 КК (Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў) выстаўлена сямі фігурантам. Гэта маладыя людзі ад 17 да 20 гадоў. Пасля вечарынкі 4 жніўня 2018 года, падчас якой загінула студэнтка Дыяна, кампанію затрымалі і змясцілі ў следчы ізалятар. Увосень маладым людзям змянілі меру стрымання на хатні арышт, пад вартай застаўся толькі Антон.

Санкцыя паводле ч. 1 арт. 328 КК прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў