Пачаўся суд па справе жаўнера Коржыча. Яго знайшлі павешаным у падвале вайсковай часткі ў Печах


8 жніўня аб 11:00 Менскі абласны суд у будынку суда Маскоўскага раёну пачаў разбіральніцтва па справе загінулага жаўнера Аляксандра Коржыча.

8 жніўня 2018 г. Менскі абласны суд. Пацярпелыя ад дзедаўшчыны жаўнеры

На лаве падсудных – трое сяржантаў з трэцяй вучэбнай танкавай роты 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Іх абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 430 («атрыманне хабару»), а таксама паводле ч. 3 арт. 455 (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады або бяздзеянне ўлады) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

У судовай залі прысутнічаюць 22 пацярпелыя жаўнеры тэрміновай службы (ахвяры дзедаўшчыны). Яшчэ 10 пацярпелых не прыйшлі на паседжанне.

Суддзя – Алег Лапека, дзяржабвінаваўца – Юры Шарснёў. Па справе праходзяць каля 50 сведкаў, яна налічвае 50 тамоў.

Сёння пракурор зачытаў абвінавачванні сяржантам – Яўгену Бараноўскаму, Ягору Скуратовічу і Антону Вяржэвічу.

У першай палове дня зачыталі абвінавачванне сяржанту Бараноўскаму. Паводле следства, летам 2017 года, парушаючы статут і пераследуючы матэрыяльную выгаду, ён дазваляў падначаленым жаўнерам карыстацца мабільным тэлефонам. У мінулым ліпені ён не стаў адбіраць мабільны ў падначаленага ў абмен на хабар памерам 30 рублёў. Гэтак, шэраговы Аскерска і іншыя неаднаразова за грошы атрымлівалі ад Бараноўскага дазвол на карыстанне мабільнымі, хаця гэта пярэчыць статуту вайсковай часткі. Звяртаўся з такой просьбай да Бараноўскага і Аляксандр Коржыч, прапанаваўшы 40 рублёў за «паслугу».

З матэрыялаў справы вынікае, што Бараноўскі агулам атрымаў хабары на 314 рублёў 85 капеек.

Акрамя таго, 23-гадовы сяржант «здзеквауся з жаўнераў, прымушаў іх выконваць фізічныя практыкаванні». Коржыч і астатнія па ягоным загадзе вымушаныя былі ноччу адціскацца па 5 хвілін, а часам па 25 разоў і ў супрацьгазах. Пракурор адзначае, што гэта прыносіла курсантам маральныя пакуты.

Калі адзін з падначаленых адмовіўся слухацца Бараноўскага, апошні «нанёс яму не менш за 4 удары». Бараноўскі таксама прымусіў жаўнера мыць прыбіральню за тое, што ён паліў у нібыта недазволеным месцы. Да таго ж, Бараноўскі патрабаваў ад падначаленых грошы за наведванне мясцовай крамы, прымушаў іх набываць у ёй прадукты (распушчальную каву, вермішэль) і цыгарэты для яго. Ад Коржыча ён патрабаваў зрабіць такіх пакупак на 54 рублі.

Бараноўскі сістэматычна біў падначаленых нагамі ў берцах і рукамі, кажа пракурор.

«Бараноўскі праяўляў гвалт у дачыненні да шэрагоўца Коржыча. Будучы незадаволеным тым, што Коржыч ня выканаў яго незаконны загад аб забароне на паленне, нанёс яму ўдар па назе». Коржыч жа, паводле пракурора, прапанаваў Бараноўскаму грошы (30 рублёў, а потым яшчэ 20), каб спыніць здзекі. Пры ўсім гэтым абвінаваўца сцвярджае: сяржант не ведаў, што такія дзеянні маглі прывесці да самагубства, але «павінен быў прадугледзець» такое развіццё падзеяў.

Паводле матэрыялаў справы, смерць Коржыча наступіла ад асфіксіі. Версія следства застаецца ранейшаю – самагубства.

Зачытванне абвінавачвання Бараноўскаму заняла прыкладна гадзіну. Потым агучылі абвінавачванне Ягору Скуратовічу, з якога вынікае, што і ён пастаянна вымагаў у курсантаў грошы, здзекваўся. Агулам атрымаў хабар на суму каля 140 рублёў.

Пасля перапынку на абед, а 14-й гадзіне паседжанне аднавілася. Пракурор працягнуў агучваць факты супрацьпраўных дзеянняў Скуратовіча.

Аднойчы, калі адзін з жаўнераў выпадкова назваў Скуратовіча шэрагоўцам, той прымусіў яго аблізаць унітазны ёршык у прыбіральні. За «няправільную» прычоску Скуратовіч пачынаў збіваць падначаленых у грудную клетку, патыліцу, па голенях і каленам у сцёгны. Такія ўдары сяржант мог наносіць па 5-10 разоў.

Пракурор настойвае на тым, што дзеянні Скуратовіча, які дзейнічаў у змове з іншымі абвінавачанымі, пацягнулі за сабой самагубства Коржыча.

У абвінавачванні сяржанту Антону Вяжэвічу пракурор таксама згадвае шматлікія выпадкі перавышэння ўлады. Вяжэвіч, як і астатнія два сяржанты, прымушаў жаўнераў тэрміновай службы купляць для яго ў краме вафлі, печыва, напоі. Дзяржабвінаваўца падрабязна апісаў усё, што набывалі для Вяжэвіча падначаленыя. Ён таксама змушаў іх да фізічных практыванняў, адцісканняў. Сума атрыманага Вяжэвічам хабару – 139 рублёў.

 

«Ні слова, ні паўслова пра тое, як Саша трапіу ў медычную частку, як яго вазілі па нейкіх лякарнях», – кажа маці Аляксандра Коржыча журналістам па выніках першай паловы дня. Яна паказала здымкі трупа Коржыча, зробленыя ў часу судмедэкспертызы.

«Паглядзіце, усё цела збітае, паўсюдна крывападцёкі, сінякі, на шыі – след ад замкнутай пятлі. А яны зачытваюць пра нейкае печыва і «Ролтаны»! Я думаю, у суддзі ўжо гатовы вырак», – абураецца Святлана Коржыч. Паводле яе слоў, на лаве падсудных не ўсе, хто мусіць адказваць перад судом. «Я не бачу сёння тут афіцэраў», – сказала яна.

Падрабязнасці – у запісе анлайну belsat.eu.


3 кастрычніка 2017 года 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Печах. Труп Коржыча знайшлі толькі на 7-ы дзень пасля смерці – са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекаваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самагубства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Пазней пазіцыя СК змянілася і следчыя распачалі шэраг крымінальных справаў у дачыненні да вайскоўцаў за дзедаўшчына і бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы.

Следства па справе Коржыча. Сюжэт за 19 красавіка

КА, ЮВ, НМ, belsat.eu

Стужка навінаў