Суд па скарзе Ціханоўскага на ягонае ўтрыманне ў карцары зрабілі закрытым


Паседжанне мусіла быць адкрытым, але раніцаю 9 ліпеня яго раптоўна зрабілі закрытым, піша TUT.by. У выніку ў залю суда дапусцілі толькі жонку блогера Святлану Ціханоўскую, адвакатаў Віктара і Наталлю Мацкевіч і прадстаўнікоў СІЗА №1, дзе зараз знаходзіцца блогер.

Сёння, 9 ліпеня, у судзе Маскоўскага раёну прайшоў суд па скарзе Сяргея Ціханоўскага на ягонае ўтрыманне ў карцары СІЗА №1 цягам 13 дзён. На паседжанне не пусцілі ані СМІ, ані сяброў, якія прыйшлі падтрымаць Ціханоўскага. Зайсці ў залю суда здолелі толькі ягоная жонка Святлана, адвакаты і прадстаўнікі СІЗА №1.

Святлана Ціханоўская. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Скаргу ў суд Маскоўскага раёну, у пракуратуру гораду і Упраўленне дэпартаменту аб выкананні пакаранняў па Менску і Менскай вобласці Сяргей Ціханоўскі падаў 22 чэрвеня.

Суд Маскоўскага раёну Менска.
Фота: belsat.eu

Адвакатка блогера Наталля Мацкевіч патлумачыла журналістам TUT.by, што падставай для закрыцця суда па грамадзянскай справе можа стаць толькі тое, што там вывучаецца сакрэтныя матэрыялы. А асабістая справа зняволенага можа быць прызнанай такой. Жонка Сяргея, Святлана, таксама не ведае, чаму суд закрылі.

Пасля пачатку паседжання стала вядома, што Сяргей Ціханоўскі ў судзе не ўдзельнічаў: ані асабіста, ані па відэатрансляцыі.

Святлана Ціханоўская ў каментары прадстаўнікам СМІ адзначыла, што яшчэ спадзяецца на наяўнасць «прыстойных суддзяў» у судовай сістэме Беларусі. Таксама яна прызналася, што не адчувае «глабальнай падтрымкі людзей, за якіх цяпер Сяргей сядзіць».

«Калі так лёгка людзей напалохаць, то навошта гэта ўсё было? Навошта было даваць надзею Ціханоўскаму, што вы нешта можаце змяніць? А потым так рэзка ад гэтага адмовіцца! Людзі што, пераменаў баяцца? Усе хочуць і ўсе баяцца? Няўжо адзін Ціханоўскі гэта мусіў рабіць? Дык ён цяпер сядзіць», – эмацыйна выказалася яна.

Суд скаргу Сяргея Ціханоўскага не задаволіў.

Суд по жалобе Тихановского. Фото: belsat.eu
Суд по жалобе Тихановского. Фото: belsat.eu

Сяргея Ціханоўскага 13 чэрвеня памясцілі ў карцар СІЗА КДБ на 7 дзён, пазней тэрмін працягнулі на яшчэ 7 дзён. Падставай стала парушэнне рэжыму і непрыбранае павуцінне пад столлю.

Зараз Ціханоўскі абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і перашкодзе працы ЦВК. Ён прызнаны беларускай праваабарончай супольнасцю палітзняволеным.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў