Суд па-беларуску гэта…

Суды ў нас даўно сталіся будзённасцю, элементам краявіду, вечна актуальным загалоўкам для медыяў. У справядлівыя рашэнні ніхто не верыць. Апраўдальных выракаў – абсалютны мінімум. Урэшце, калі ўсіх побач судзяць, а цябе не, знаёмыя задаюцца пытаннем: «Што з табою не так?»

Дзікасць? Праўда жыцця. Пасля чарговага суду, калі сіваваты чалавек у чорнай мантыі вырашыў пакараць нас з Алесем Дзянісавым штрафамі за супрацу з «Белсатам», захацелася прыгадаць кароткія замалёўкі з судоў «па-беларуску», на якіх, у якасці журналіста ці абвінавачанага не аднойчы даводзілася бываць.

Hавiны
Міліцыянт стаўся сведкам у справе журналістаў, бо глядзеў «Белсат»
2019.02.01 12:23

Такім чынам, суд па-беларуску гэта…

Калі цётачка суддзя з выпаленымі фарбай валасамі абыякавым голасам зачытвае вырак 19-гадоваму хлопцу, напрыклад, восем год калоніі за нейкія там міліграмы травы, а сама думае, якія пельмені набыць увечары, ідучы дадому.

Калі ахоўнік у СІЗА зачыняе вентыляцыйнае акенца ў камеры, бо заўтра аднаго з сядзельцаў павязуць у суд. Навошта? Каб было менш кіслароду, балела галава, а значыць – падсудны будзе менш уважлівым і ўпэўненым у сабе падчас паседжання.

Калі суддзя-беларус не разумее па-беларуску і перапытвае: «Лістапад – эта акцябр, да?»

Калі незалежны журналіст просіць немаладога актывіста, якога судзяць за ўшанаванне Каліноўскага ў глыбінцы далёка-далёка ад Менску, каб той перад пачаткам паседжання (суддзі яшчэ няма) зайшоў у клетку – каб атрымаліся прыгожыя фота.

Калі ў «стакане» перад пачаткам паседжання чытаеш рамантычныя надпісы ад папярэдніх «пастаяльцаў»: «Спаси Господи», «Мішу П опустить, ментовской…», «А.С.А.В». і г.д. А пасля сам дастаеш асадку і пішаш: «Жыве Беларусь!»

Калі абвінавачаны па асабліва цяжкім злачынстве, седзячы ў клетцы, разгадвае сканворды, дэманструючы свой ігнор да працэсу.

Калі разумееш, што прамова твайго адваката з лагічнымі высновамі, падлікамі, тэзамі, нават цытатамі класікаў нічым не дапаможа – суддзя нават не слухае.

Калі цешышся з таго, што сябар, пакліканы сведчыць у судзе супраць цябе, «забыўся», дзе і калі вы бачыліся. «Забыўся» – значыць, не здаў.

Hавiны
Журналіста Алеся Кіркевіча будуць судзіць за матэрыял на «Белсаце»
2019.01.13 17:35

Калі адмаўляешся ад дачы сведчанняў не таму, што няма чаго сказаць, а каб суд хутчэй скончыўся. Да чаго тыя сведчанні, калі рашэнне ўжо гатовае?

Калі суддзя стрымліваецца, каб не засмяяцца, слухаючы блытаныя паказанні сведкаў-АМАПаўцаў, якія разганялі мітынг, але ўсё адно прызнае віну актывіста і дае яму чатыры гады.

Калі сябры робяць стаўкі, колькі сутак ці базавых табе ўлепяць гэтым разам.

Калі суддзя пытае сведкаў па справе – міліцыянтаў, прысутных на мітынгу апазіцыі – ці забаронены бел-чырвона-белы сцяг, а іх меркаванні падзяляюцца: «Не знаю, наверна нет» і «Да, запрэшчон!».

Калі падчас зачытвання суддзём матэрыялаў справы, табе здаецца, што трапіў на праваслаўны малебен. Усе стаяць моўчкі, а чалавек у чорным строі з кнігай у руках манатонна мармыча нешта сабе пад нос.

Калі на прыступках суда фотакор незалежнага выдання просіць цябе не ўсміхацца, бо фота мае быць сур’ёзным і троху жаласлівым.

Калі пасля паседжання суда, ідучы дадому, знаходзіш у паштовай скрыні выклік на пошту па замоўны ліст. Прыходзіш, стаіш там чаргу 40 хвілін, бо цётачкі сварацца, чаму так шмат налічылі за ваду. Чарга даходзіць да цябе, даеш квіток, а табе з акенца – позва на сённяшні працэс, з якога ты акурат вярнуўся, атрымаўшы штраф. Ты адмаўляешся распісвацца за атрыманне, а цётачкі з чаргі крычаць, каб падпісваў і не затрымліваў іншых. Урэшце, сівы дзядзька ў капелюшы раіць падпісаць, паставіўшы час атрымання (відаць, былы чыноўнік). Урэшце, выходзіш на ганак будынку пошты і капэрту з шэраю укладкай, змазанымі штампамі, пячаткамі, пунктамі, пагрозамі ў выпадку няяўкі, ляціць у сметніцу.

Hавiны
«Сем месяцаў у беларускай турме». Псіхалагічна-антрапалагічныя занатоўкі ад Алеся Кіркевіча
2018.06.01 09:25

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў