Справа Сямёнава: перамога аднаго чалавека, але не паўмільёна


У Гомлі каля будынку суду Цэнтральнага раёну праходзіць стыхійны мітынг, на які сабралася каля 200 чалавек. Праціўнікі дэкрэту № 3 «аб дармаедах» прыйшлі падтрымаць жыхара Гомля Аляксандра Сямёнава. Ён падаў першы ў Беларусі пазоў супраць падатковай інспекцыі.

На прыступкі суду па закліку грамадскіх актывістаў прыйшло каля 200 чалавек. Людзі скандавалі:

«Не дэкрэту №3, Лукашэнка, сыходзь!»

Раней Аляксандр Сямёнаў прасіў суд прадставіць вялікую залю для паседжанняў,  каб усе, хто жадае, магі паназіраць за гэтым судовым працэсам, аднак судовая заля, у якой праходзіла паседжанне, змяшчае не больш за 20 чалавек, і ў ёй месца хапіла, бадай, толькі прадстаўнікам медыяў.

Людзі знаходзіліся як звонку, перад будынкам, так і ўнутры, у холе. Падчас судовага працэсу тыя, хто прыйшоў падтрымаць Сямёнава, распавядалі адзін аднаму пра свае жыццёвыя сітуацыі, што звязаныя з адсутнасцю працы ды нізкімі заробкамі. Праз некалькі гадзін да тых, хто сабраўся ля суду, вышлі ўдзельнікі судавага працэсу – заяўнік Аляксандр Сямёнаў і яго адвакат Леанід Судаленка.

Слова ўзяў праваабаронца Леаднід Судаленка:

«Суд спыніў справу ў сувязі з непадведамственнасцю дадзенай справы суду. Улада вызваліла Аляксандра Сямёнава ад аплаты гэтага падатку».

Судаленка кажа, што рашэнне прымалася па гэтай справе зусім не ў судзе – а ў Гомельскім гарвыканкаме. Гэта азначае, што ўлада вызваліла толькі аднаго чалавека, кажа Судаленка.

«Таму судом прынятае рашэнне, што падобнага кшталту скаргі ў суд прымацца не будуць», – кажа праваабаронца Леанід Судаленка, – «У нас ёсць права абскардзіць дадзенае вызначэнне суду цягам 10 дзён у Гомельскі абласны суд. […] Я лічу, што гэты механізм не будзе эфектыўны».

Што рабіць тым, хто не сплаціў падатак ці не змог знайсці грошы на аплату?

Леанід Судаленка па-ранейшаму раіць скардзіцца ў падаткавыя, праходзіць усе дасудовыя парадкі, а потым прыходзіць у суд.

«Няхай улада адмаўляе кожнаму з нас. Ці можа, вызваляе, як гэта было зроблена ў выпадку з першым »дармаедам«. Тады будзем ставіць пытанне не толькі пра тое, што ў краіне для »дармаедаў« прымяняецца прымусовая праца, […] але будзем ставіць пытанне пра тое, што ў краіне няма правасуддзя. Грамадзяне пазбаўлены права абскардзіць дзеянні чыноўнікаў у судовым парадку».

19 лютага ў Магілёве, Берасці ды Гомлі прайшлі акцыі супраць дэкрэту № 3. Самая масавая адбылася ў Гомлі, дзе сабралася 3000-4000 чалавек. Чарговы мітынг супраць дэкрэту № 3 пройдзе ў Гомлі 25 сакавіка. У гэты ж дзень мітынгі пройдуць у іншых гарадах. У Вицебску акцыя супраць дэкрэту аб сацыяльным утрыманстве пройдзе 26 лютага.

Менскія ўлады адхілілі заяўку на правядзенне святочнага шэсця 25 сакавіка. Традыцыйнага мітынгу арганізатары не планавалі, але ўлады ўсё роўна спужаліся. Мінакі на вуліцах Менску разважаюць – чаго менавіта.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў