Уладзіміра Кондруся асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі»


Абноўлена. Удзельніка Плошчы-2010 Уладзіміра Кондруся асудзілі на 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову з прымусовым медычным наглядам і лячэннем у псіхіятра па месцы жыхарства.


Пракурор запатрабавала для апошняга вязня Плошчы 3 гады абмежавання волі з прымусовым наглядам і лячэннем. Яна адзначыла, што Кондруся не прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці, а стан ягонага здароўя можна лічыць змякчальнымі абставінамі.

«Кондруся трэба прызнаць недастаткова здольным да адбыцця пакарання і ўжыць адносна яго 70-ты артыкул – больш мяккае пакаранне», – лічыць Вольга Герасімовіч.

На судзе былі агучаныя вынікі комплекснай псіхолага-псіхіатрычнай экспертызы, на якую Кондруся адправілі пасля таго, як у зале суда ён паспрабаваў разрэзаць сабе жылы.

 

У заключэнні адзначаецца, што «Кондрусь пакутуе на змешаны шызоідны разлад псіхікі».

«Дысгармонія асобы, пратэставая рэакцыя, няздольнасць падтрымліваць доўгатэрміновыя стасункі з людзьмі, павышаны самааналіз, абвостранае разуменне сваіх правоў. Але памяць добрая. Адмова ад прыёму ежы і знаходжання ў судзе – рэакцыя пратэсту. Можа знаходзіцца ў судзе. Але праз парушэнні ў эмацыйнай сферы недакладна трактуе паводзіны іншых людзей. Патрэбны нагляд і лячэнне».

Вырак агучаць а 16-ай. Адвакат папрасіў апраўдаць Кондруся. Судовае пасяджэнне прайшло ў адсутнасці падсуднага.


26 снежняў судзе Маскоўскага раёну Менску адбыўся другі дзень разгляду крымінальнай справы апошняга вязня Плошчы -2010 Уладзіміра Кондруся.

Паводле ягонай маці, Уладзімір Кондрусь знаходзіўся ў турэмнай лякарні. Як вядома, ён прайшоў комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу, але пра яе вынікі пакуль не паведамляецца.

Судовы працэс над палітвязнем Уладзімірам Кондрусем, якога амаль праз шэсць гадоў судзяць за ўдзел у масавых беспарадках падчас Плошчы-2010, распачаўся 16 лістапада. Аднак пасля таго, як у зале суда Кондрусь паспрабаваў разрэзаць сабе жылы, было вырашана адправіць падсуднага на комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.

Нагадаем, затрымалі Кондруся 14 чэрвеня гэтага году ў межах папярэдняга расследавання. Пасля ён знаходзіўся ў СІЗА №1 Менску, дзе трымаў галадоўку.

Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў