Суд над Паліенкам адклалі: захварэў суддзя


Судовае паседжанне над актывістам Змітром Паліенкам, якога мусілі пачаць судзіць 25 верасня, адклалі. Пра гэта паведамляе карэспандэнт belsat.eu.

Інфармацыя пра суд
Фота: belsat.eu

Суд мусіў пачацца а 10:00 у Менскім гарадскім судзе, але пасля з’явілася абвестка, што «судовае паседжанне адкладзенае ў сувязі з хваробай суддзі».

Hавiны
Суд над Паліенкам пачнецца праз тыдзень. Яму пагражае да 10 гадоў
2019.09.18 20:04

Ужо а 9:30 каля суду сабраліся актывісты, агулам каля 30 чалавек: прадстаўнікі «Еўрапейскай Беларусі», незарэгістраванай партыі БСДП Народная Грамада Мікалая Статкевіча, анархісты. Фармальна пікет быў па зборы подпісаў. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі «Amnesty International».

Прысутныя выказвалі падтрыманне Змітру Паліенку. У прыватнасці, выступілі Марына Касінерава, Сяргей Спарыш ды іншыя.

Пікет у падтрымку Змітра Паліенкі.
Фота: belsat.eu

На стэндах быў апублікаваны маніфест вязня адносна судовага працэсу і ягоныя фотаздымкі. Актывісты таксама трымалі бела-чырвона-белыя сцягі і сцягі сваіх арганізацыяў, анархісцкага руху і Еўразвязу.

За падзеямі назіралі каля 10 міліцыянтаў і людзі ў цывільным з камерамі.

Hавiны
На судзе Паліенка будзе маўчаць. Анархісту пагражае да 10 гадоў турмы
2019.09.20 21:04

Паводле СК, 13 сакавіка Зміцер Паліенка распыліў пярцовы газ з балончыка ў твар чалавеку, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэнне ў пад’ездзе (паводле сяброў Паліенкі, гэта была самаабарона ад п’янага нападніка). 20 сакавіка Паліенку затрымалі. Праз тыдзень стала вядома, што за кратамі ён аб’явіў галадоўку.

Абвінавачанне яму выставілі толькі 5 красавіка (хоць павінныя былі цягам 10 дзён).

Пікет у падтрымку Змітра Паліенкі.
Фота: belsat.eu

На дадзены момант супраць Паліенкі распачатыя справы паводле пяці эпізодаў:

паводле арт. 130 – за распальванне варожасці да міліцыянтаў;

паводле часткі 3 арт. 339 – за хуліганства (паводле сяброў Паліенкі і яго самога, гэта была самаабарона ад п’янага нападніка);

паводле арт. 341 – за графіці «Менты забіваюць людзей»;

паводле арт. 341 – за графіці ў Курапатах;

паводле арт. 369 – за абразу былога міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча.

Найбольшае пакаранне яму пагражае за хуліганства – да дзесяці гадоў.

У 2016 годзе Паліенку асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных спраў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». Ён выйшаў на волю ў кастрычніку 2018 году.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала яго вязнем сумлення. Беларускія праваабаронцы прысуд яму называлі палітычна матываваным.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў