Суд над «беларускім шпіёнам» у Чарнігаве перанеслі на 5 красавіка


Папярэдняе слуханне ў справе грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, якога ва Украіне абвінавачваюць у шпіянажы, у чарговы раз перанеслі.

Паседжанне павінна было прайсці ў судзе Чарнігаўскага раёну Чарнігаўскай вобласці сёння, 27 сакавіка. Як паведаміў belsat.eu адвакат Тарас Герэлюк, слуханні перанеслі на 16: 00 5 красавіка.

«Адклалі таму, што пракурор усцяж не забяспечыў для абвінавачанага перакладчыка на беларускую мову», – патлумачыў Герэлюк.

Перакладчыка з украінскай на беларускую мову падчас ранейшых паседжанняў у лютым запатрабаваў сам Палітыка і ягоная абарона актыўна хадайнічала аб прадстаўленні такога спецыяліста. Пры гэтым да пачатку суду Юрый Палітыка гаварыў з прысутнымі журналістамі і адвакатам на расейскай, але пасля заявіў, што расейскую мову «разумее часткова».

Суддзя Уладзіслаў Кухта паведаімў, што перакладчык (нават на расейскую мову) сёння не з’явілася на слуханне.

«Прычыну неяўкі нам не патлумачылі. Праз адсутнасць перакладчыка паседжанне пачалося і амаль адразу скончылася», – сказаў ён.

Акрамя таго, у Палітыкі дадаўся яшчэ адзін, чацверты па ліку адвакат – Аляксандр Драздоў з Кіева.

15 лютага суд працягнуў арышт беларусу да 14 красавіка. Гэтае рашэнне матываванае тым, што злачынства паводле арт. 114 КК Украіны «Шпіянаж» належыць да катэгорыі асабліва цяжкіх. Мера стрымання не будзе змененая, бо падазраваны можа схавацца ад правасуддзя «у тым ліку на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі» і ўплываць на сведкаў з мэтаю здабыць доказы сваёй невінаватасці.

Belsat.eu пісаў пра дэталі «шпіёнскай» справы – падрабязна чытайце тут.

Ад амбасады Беларусі на паседжаннях раней прысутнічаў старэйшы саветнік Сяргей Бобаў. Гэтым разам у Чарнігаў ён не прыехаў і, як паведамілі ў дыпміссіі, ва Украіне ён адсутнічае і знаходзіцца цяпер у Менску.

Раней некаторыя ўкраінскія эксперы выказвалі меркаванне, што працэс над Палітыкай можа быць люстэркавым адлюстраваннем суду над Паўлам Шаройкам у Менску. Журналіста Украінскага нацыянальнага радыё Шаройку затрымалі ў Менску ў кастрычніку і абвінавацілі ў шпіянажы. Учора ў СМІ зʼявілася інфармацыя, што Менск і Кіеў дамовіліся аб абмене. Сёння амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім гэтую інфармацыю зняпраўдзіў.

У першай палове дня Аляксандр Лукашэнка і Пятро Парашэнка правялі тэлефонную размову. Фармальна – гаворка вялася пра Форум рэгіёнаў, які дзве краіны запланавалі на кастрычнік і далейшае развіццё партнерства, але цалкам верагодна, што кіраўнікі дзяржаў абмяркоўвалі сітуацыю з абменам сваіх грамадзян, абвінавачаных у шпіянажы.

Каця Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў