Сталі вядомыя новыя дэталі справы «беларускага шпіёна», якога судзяць у Чарнігаве


Сёння, 13 лютага, у Чарнігаўскім раённым судзе Чарнігаўскай вобласці прайшло папярэдняе паседжанне па справе беларуса Юрыя Палітыкі, якога ва Укране вінавацяць у зборы сакрэтнай інфармацыі на карысць іншай дзяржавы. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Belsat.eu вёў тэкставую онлайн-трансляцыю.

Папярэдняе слуханне распачалося 12 лютага, аднак было адкладзена на дзень, бо адвакаты Палітыкі запатрабавалі для яго перакладчыка на беларускую мову. Таксама яны заявілі адвод дзейнаму складу судовай калегіі. На думку адвакатаў, суддзя Уладзіслаў Кухта «прымаў суб’ектыўныя незаконныя рашэнні і рабіў гэта аднаасобна».

На паседжанні прысутнічала перакладчыца на расейскую, аднак беларускай мовай яна не валодае. Пры гэтым Юры Палітыка заявіў, што валодае расейскай мовай толькі «часткова» і хоча, каб суд адбываўся «на роднай мове». Адзначым, што да пачатку паседжання ён адказваў на пытанні карэспандэнтаў па-расейску, а пасля перайшоў на беларускую.

18.53. Юры Палітыка заявіў журналістам, што хацеў не ваяваць у АТА, а быць валанцёрам.

«Я хацеў уступіць у грамадскую арганізацыю «Поўнач», а не ў добрабат. Я хацеў быць валанцёрам!» – адзначыў ён.

Паводле слоў Палітыкі, грамадская арганізацыя «Поўнач» ажыццяўляла разам з украінскімі вайскоўцамі ахову дзяржаўнай мяжы на добраахвотных пачатках.

Юры Палітыка заявіў журналістам, што адзін з чальцоў грамадскай арганізацыі «Поўнач» Дзмітры Острык, з якім Палітыка пазнаёміўся ў гэтай арганізацыі, запампаваў яму на мабільны тэлефон дакументы датычна аперацыі «Шторм». Палітыка мяркуе, што Острык з самага пачатку працаваў на СБУ. Острык у сваю чаргу абвінаваціў Палітыку ў тым, што ён агент КДБ.

18.40. Паводле версіі следства, Палітыка збіраўся перадаць “неустаноўленай замежнай дзяржаве” аэраздымкі зоны АТА і мапу, у якой была схема наступальная аперацыі «Шторм», якую Узброеныя сілы Украіны планавалі правесці супраць ДНР у накірунку Новаазоўска 8-12 ліпеня 2017 году. Гэтая мапа была знойдзена ў яго тэлефоне ў зашыфраваным выглядзе ў тэчцы з смс-паведамленнямі.

Пракурор запатрабаваў працягнуць тэрмін утрымання Юрыя Палітыкі пад вартаю ад 16 лютага на 60 содняў. Рашэнне наконт арышту суд прыме заўтра а 9-й гадзіне. А сенняшняе паседжанне скончылася.

18.36. Паводле матэрыялаў справы, Юры Палітыка звярнуўся да святара Кацярыненскай царквы ў Чарнігаве Яўгена Орды і сказаў, што хоча ўступіць ва ўкраінскі добраахвотніцкі батальён, каб ваяваць у АТА. Орда накіраваў яго да знаёмага вайсковага камандзіра. Пазней апошні сказаў Ордзе, што на яго думку Палітыка можа быць інфарматарам беларускага КДБ.

18.20. Суд адмовіў у задавальненні хадатайніцтва аб адводзе перакладчыка. Пракурор пачаў зачытваць вытрымкі з матэрыялаў справы.

18.10. Юры Палітыка заявіў журналістам, што супрацоўнікі СБУ пры затрыманні абвінавацілі яго ў зборы сакрэтнай інфармацыі па заданні нейкага чалавека па прозвішчу Аляксандар Пальчэускі.

«Я не ведаў яго асабіста, яны ўвесь час казалі пра Пальчэўскага», – адзначыў ён.

18.00. Суд выдаліўся для разгляду хадатайніцтва аб адводзе перакладчыка.

17.50 Паседжанне аднавілася. Судовая калегія зачытвае вызначэнне: падставаў для адводу суду няма. Судовая калегія застаецца ў тым жа складзе.

У абвінавачвання няма хадайніцтваў. Адвакаты зноў заявілі хадайніцтва аб адводзе перакладчыка.

17.40. Тым часам Сяргей Бобаў адказаў на пытанні журналістаў. Ён адзначыў, што ў справах Паўла Шаройкі і Юрыя Палітыкі «адзін артыкул крымінальнага кодэксу, але розная падаплёка».

«Не магу каментаваць падабенства ці адрозненне паміж імі», – адзначыў ён.

17.30. Адвакаты запатрабавалі адводу суду. Суд выдаліўся ў пакой для абмеркавання хадатайніцтва абароны.

17.15. У двух адвакатаў па заўвазе праз тое, што яны перабіваюць суд.

17.00. Суддзя Кухта:

«Суд прыняў рашэнне пакуль што весці працэс з перакладам на расейскую мову. Калі бок абароны прадставіць перакладчыка на беларускую – ён будзе далучаны да працэсу».

Суддзя сцвярджае, што насамрэч Юры Палітыка свабодна валодае расейскай мовай.

16.53. Спрэчкі наконт перакладчыка працягваюцца. Суд зноў запытаў у Юрыя Палітыкі, на якой мове ён хацеў бы, каб вёўся працэс.

«Я жадаю па-беларуску», – адказаў ён.

«За 10 гадзінаў, якія суд даў на пошук перакладчыка, немагчыма яго знайсці», – сцвярджае адвакат.

16.36. «Трэба даць абвінавачанаму выказацца на роднай мове!», – заявіў адзін з адвакатаў.

Юры Палітыка настойвае на тым, што разумее расейскую мову толькі часткова. Пры гэтым цікава, што перад паседжаннем, адказваючы на пытанні журналістаў па-беларуску, Юры Палітыка размаўляў на беларускай мове з відавочнымі памылкамі.

Перакладчыца Яўтушэнка сцвярджае, што пытанняў у Юрыя Палітыкі адносна мовы падчас дасудовага расследавання не ўзнікала.

«Яго цалкам задавальняў пераклад на расейскую», – кажа яна.

У судзе

16.30. Адвакаты аднагалосна настойваюць на неабходнасці перакладчыка на беларускую мову. Пры гэтым у судовай залі прысутнічае перакладчыца з украінскай на расейскую мову – Надзея Яўтушэнка. Яўтушэнка паведаміла суду, што прысутнічала на паседжаннях падчас дасудовага расследавання і перакладала на расейскую, і ніякіх нараканняў не было.

16.27. Перакладчыка на беларускую мову, якога патрабаваў бок абароны ўчора, так і не знайшлі. Пракуроры патлумачылі гэта тым, што ва ўсей Чарнігаўскай вобласці няма перакладчыка з украінскай на беларускую з адпаведнай кваліфікацыяй.

16.20. Паседжанне распачалося. Прысутнічаюць 3 адвакаты і 3 пракуроры з боку абвінавачвання.

16.15. Да пачатку паседжання Палітыка распавёў журналістам, што сакрэтная інфармацыя, якую запампаваў яму на мабільны тэлефоны сябар з Чарнігава – гэта «нейкая мапа». Нібыта менавіта гэтая мапа і стала падставаю для затрымання.

Юры Палітыка

16.05. «Як толькі стала вядома пра катаванні Юрыя Палітыкі, гэтая інфармацыя была перададзена па дыпламатычных каналах і нашы партнёры ў Кіеве былі апавешчаныя», – распавёў belsat.eu старэйшы саветнік амбасады Беларусі ва Украіне Сяргей Бобаў

Наша карэспандэнтка пацікавілася ў Сяргея Бобава, чаму інфармацыя пра катаванні Юрыя Палітыкі была апублікаваная толькі ў студзені 2018 года, хоць катаванні адбыліся яны адразу пасля затрымання, яшчэ ўлетку 2017 года. Прычым восенню сам Бобаў распавядаў СМІ, што затрыманы беларус на на што не скардзіцца.

– Рашэнне аб паданні агалосцы ляжыць не ў межах кампетэнцыі консульства. Гэта вырашаецца па каналах МЗС.

– Гэта значыць рашэнне аб агалосцы прыняў МЗС?

– Гэта рашэнне прыняў сам абвінавачаны або маці….. Гэтым жа абумоўлены і выбар даты публікацыі.

– А чаму фрагменты лістоў Палітыкі былі апублікаваныя менавіта ў недзяржаўных СМІ?

– Без каментароў.

***

Старэйшы саветнік амбасады Беларусі ва Украіне Сяргей Бобаў, які таксама прысутнічае на працэсе, сказаў карэспандэнтцы belsat.eu, што цалкам падтрымлівае гэтае патрабаванне беларускага грамадзяніна нягледзячы на тое, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Акрамя таго, ён акрэсліў пазіцыю амабасады датычна катаванняў, якія нібыта прымяняліся ў дачыненні да Палітыкі.

«Мы лічым тое, як абыходзіліся з Юрыем, недапушчальным, непрымальным. Гэта нівелюе ўвесь працэс і зводзіць яго да ўзроўню банальнага здарэння», – сказаў дыпламат.

***

Нагадаем, 32-гадовы менчук Юры Палітыка быў затрыманы супрацоўнікамі Службы бяспекі Украіны 16 чэрвеня мінулага году ў памежным пункце пропуску «Новыя Ярылавічы» у момант праходжання пашпартнага кантролю і змешчаны ў СІЗА Чарнігава.

З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, затрыманы беларус, дзейнічаючы ў інтарэсах трэцяга боку, збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.

Напачатку студзеня 2018 года шэраг беларускіх недзяржаўных СМІ апублікавалі ліст Юрыя Палітыкі ў амбасаду Беларусі ў Кіеве, дзе ён сцвярджаў, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі з боку СБУ, ніколі не працаваў на беларускі КДБ і не збіраў сакрэтныя звесткі. СБУ інфармацыю пра катаванні зняпраўдзіла.

Кацярына Андрэева/ДР/ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў