Суд над «беларускім шпіёнам» Палітыкай зноў перанеслі – на 13 красавіка


У чарговы раз перанесена папярэдняе слуханне ў справе беларуса Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве, абвінавачанага ў шпіянажы.

Як паведаміў belsat.eu адвакат Палітыкі Тарас Герэлюк, пакуль цягнулася сённяшняе паседжанне «скончыўся працоўны дзень» і яго вымушаныя былі перанесці на 9.00 13 красавіка.

«Гэтым разам мы заявілі адвод судовай калегіі ў сувязі з яе перадузятасцю і шматлікімі працэсуальнымі парушэннямі з боку суддзяў. У прыватнасці, абвінавачанаму не былі растлумачаныя яго правы і абавязкі, а таксама ёсць прэтэнзіі да перакладчыка», – сказаў Герэлюк.

Раней абарона запатрабавала для Палітыкі перакладчыка на беларускую мову, бо ён заявіў, што не да канца разумее расейскую. Бок абвінавачвання знайшоў адпаведнага спецыяліста – перакладчыцу Тацяну Брэй, аднак, паводле адвакатаў, яна перакладала тэкст некарэктна.

Суддзя Уладзіслаў Кухта распавёў belsat.eu, што сённяшняе слуханне цягнулася больш за дзве гадзіны:

«Гадзіну мы слухалі выступ адвакатаў. На іх думку, суд перадузяты і запатрабавалі адводу. Сам Юрый Палітыка хадайніцтва падтрымаў, аднак яно не было задаволенае. Такім чынам, справу будзе разглядаць калегія ў ранейшым складзе».

«Абарона запатрабавала сёння спыніць паседжанне, спаслаўшыся яшчэ і на тое, што Палітыка «доўга ня еў».

Паводле слоў Кухты, «працэс зацягваецца».

Нагадаем, раней суд падоўжыў арышт беларусу да 14 красавіка. Ён будзе знаходзіцца ў СІЗА і не можа быць адпушчаны, напрыклад, пад падпіску аб нявыездзе, бо следства мяркуе, што ён можа перахоўвацца або ўздзейнічаць на сведкаў.

Belsat.eu пісаў пра дэталі «шпіёнскай» справы – падрабязна чытайце тут.

Раней некаторыя ўкраінскія эксперты выказвалі меркаванне, што працэс над Палітыкай можа быць люстэркавым адлюстраваннем суду над Паўлам Шаройкам у Менску. Журналіста Украінскага нацыянальнага радыё Шаройку затрымалі ў Менску ў кастрычніку і абвінавацілі ў шпіянажы. Напачатку красавіка ў СМІ зʼявілася інфармацыя, што Менск і Кіеў нібыта дамовіліся аб абмене. Пазней амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім гэтую інфармацыю зняпраўдзіў.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў