Суд над «беларускім шпіёнам» Палітыкам перанеслі восьмы раз – суддзя не з'явілася


Чарнігаўскі раённы суд не можа пачаць папярэдняга слухання па справе беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі, якога ва Украіне абвінавачваюць у шпіянажы.

Як паведамілі карэспандэнту belsat.eu у судзе, паседжанне адклалі на 15 траўня. Прычына – адна з суддзяў «занятая іншай вялікай крымінальнай справай» і «сышла ў дарадчы пакой». Калегія сфармаваная з трох следчых суддзяў, узначальвае яе Уладзіслаў Кухта.

Адвактаы Палітыкі (усяго яго абараняюць чацвёра адмыслоўцаў) на паседжанне таксама не зʼявіліся.

«Ім патэлефанавалі з суду і сказалі, што можна не прыходзіць сёння», – распавёў сакратар.

Пры гэтым, паводле слоў сакратара, самога абвінавачанага ў суд дастаўлялі. Навошта гэта было зроблена, калі вядома, што судовая калегія сёння не можа сабрацца ў ягонай справе, невядома.

Гэты перанос стаў ужо восьмым з пачатку разгляду справы Юрыя Палітыкі. На папярэднім паседжанні 13 красавіка прынялі рашэнне падоўжыць тэрмін арышту да чэрвеня. Пракурор, які пра гэта хадайнічаў, растлумачыў такую неабходнасць тым, што мінулы тэрмін арышту канчаўся 14 красавіка, а абвінавачаны «можа перахоўвацца ад следства».

Падрабязна пра «шпіёнскую» справу чытайце ў ранейшых матэрыялах belsat.eu.

Шэраг украінскіх экспертаў выказвалі меркаванне, што працэс над Палітыкам можа быць адлюстраваннем суду над Паўлам Шаройкам у Менску. Журналіста Украінскага нацыянальнага радыё Шаройку затрымалі ў Менску ў кастрычніку і абвінавацілі ў шпіянажы. Напачатку красавіка ў СМІ зʼявілася інфармацыя, што Менск і Кіеў нібыта дамовіліся пра абмен. Пазней амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім гэтую інфармацыю зняпраўдзіў.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў