Суд ліквідаваў фонд кампаніі расейскага апазіцыянера Навальнага


Мінюст РФ настойваў на тым, што падчас праверкі дакументаў фонда «Пятое время года», праз які расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны вёў сваю кампанію, былі выяўлены парушэнні, паведамляе партал «Медиазона».

Акрамя таго, паводле версіі Мінюста, фонд займаўся нестатутнай дзейнасцю, уключаючы фінансаванне кампаніі Навальнага, і парушаў закон аб персанальных дадзеных.

У штабе Навальнага абвінавачванні Мінюста катэгарычна адрынаюць. Леанід Волкаў, кіраўнік фонду і адначасова штабу Навальнага, заявіў, што мае намер аспрэчыць рашэнне суда.

Праз фонд «Пятое время года» заключаліся, у ліку іншага, дагаворы на арэнду памяшканняў для штабоў Навальнага ў розных гарадах і аплачваўся друк агітацыйных матэрыялаў. Супрацоўнікі штабоў былі афіцыйна аформленыя на працу ў гэтым фондзе.

Аляксей Навальны адкрываў штабы па ўсёй Расеі ў межах кампаніі па вылучэнні ў прэзідэнты. ЦВК адмовіўся зарэгістраваць яго ў якасці кандыдата. Пасля гэтага Навальны заклікаў да байкоту выбараў і абвясціў, што выбарчыя штабы стануць штабамі «забастоўкі выбаршчыкаў».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў