Суд адмяніў два штрафы журналістам «Белсату». Гэта ўнікальны выпадак


Марыя Арцыбашава і Зміцер Краўчук паспяхова абскардзілі пастанову суда Цэнтральнага раёну Менску, які месяц таму аштрафаваў журналістаў на 30 базавых велічынь (735 рублёў) кожнага.

2 красавіка суддзя Вікторыя Шабуня прысудзіла журналістку Марыю Арцыбашаву і аператара Змітра Краўчука да 30 б.в. штрафу за працу без акрэдытацыі МЗС паводле ч. 2 арт. 22.9 КоАП («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»). Сёння, 8 траўня, Менгарсуд адмяніў гэтае рашэнне Вікторыі Шабуні.

Рашэнне Менгарсуду – гэта першы выпадак паспяховага абскарджання пастановы суду адносна журналістаў, што супрацоўнічаюць з «Белсатам».

Марыя Арцыбашава згодна, што сітуацыя ўнікальная, аднак з высновамі пакуль не спяшаецца:

«Каментаваць саму справу рана, бо ў нас на руках няма яшчэ пастановы і мы не ведаем, па якой менавіта прычыне адбылася адмена. Але ж, натуральна, мы шчаслівыя».

Журналістка асабліва ўдзячная Алегу Агееву – юрысту БАЖ, які дапамагаў складаць скаргу ў Менгарсуд.

Нагадаем, ад пачатку 2018 года за супрацу з «Белсатам» журналістам агулам прысудзілі штрафаў амаль на Br 30 000. Толькі за адзін дзень 7 траўня суды вынеслі 8 пакаранняў белстаўцам на суму больш Br 6000 штрафаў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў