Суд адмовіў гомельскаму выкладчыку ў аднаўленні на працы


28 снежня суд Чыгуначнага раёну Гомля адмовіў былому дацэнту і выкладчыку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту (БелДУТ) Яўгену Малікаву ў аднаўленні на працы. Мужчыну звольнілі паводле артыкулу за амаральную правіннасць. Пад такою правіннасцю кіраўніцтва БелДУТ разумее ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, за што Яўген Малікаў атрымаў 5 содняў арышту, а таксама допіс выкладчыка у «Фэйсбуку», у якім ён разважае пра ўласныя вусы.

Вядомы гомельскі гісторык ды краязнаўца Яўген Малікаў працаваў ва Універсітэце транспарту з 2004 г. За гэты час не меў ніводнай вымовы ці спагнання на працы, а наадварот – як прадэманстравалі ў судзе – выключна падзякі ад партнёрскіх арганізацыяў.

Яўген Малікаў.
Фота: Белсат

Напачатку верасня Малікаў быў асуджаны на пяць дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – нядзельным маршы нязгодных з вынікамі прэзідэнцкай кампаніі – 2020. Але вымову за гэта Яўген Малікаў атрымаў толькі ў лістападзе. А за некалькі дзён да гэтага яму вынеслі яшчэ адну вымову на падставе дакладной запіскі калег, якія паскардзіліся, што Малікаў у сваім допісе ў «Фэйсбуку» назваў іх і кіраўніцтва БелДУТу «рабаўладальнікамі» ды «аграфеадаламі». 19 лістапада Яўгена Малікава звольнілі за дзве гэтыя вымовы з фармулёўкай у працоўнай кніжцы – «у сувязі са здзяйсненнем амаральнай правіннасці, несумяшчальнай з працягам дадзенай працы, п. 3 арт. 47 Працоўнага кодэксу».

Суд Яўгена Малікава супраць БелДУТа.
Фота: Белсат

З такім запісам у дакуменце выкладчык не пагадзіўся і падаў на кіраўніцтва ў суд, падчас якога была праведзеная лінгвістычная экспертыза, якая не знайшла ў допісе нічога амаральнага, а таксама былі апытаныя ў якасці сведак былыя калегі Малікава, якія з асуджэннем паставіліся да ягонага арышту і ўдзелу ў маршы.

Прадстаўнікі БелДУТа ў судзе.
Фота: Белсат

Падчас судовых спрэчак Яўген Малікаў указаў на вынікі лінгвістычнай экспертызы, а таксама на тое, што не любое адміністрацыйнае правапарушэнне ёсць амаральнай правіннасцю:

«Сваякі, калі даведваюцца пра фармулёўку майго звальнення, запытваюць «Ты што там згвалціў кагосьці? Ці прыйшоў на працу п’яны?» – даводзіў Малікаў суду. – Калі я парушу правілы дарожнага руху – гэта таксама амаральны ўчынак?»

Бок адказнікаў жа апеляваў да таго, што Яўген Малікаў сваймі ўчынкамі падае кепскі прыклад студэнтам, а таму не мае права быць адноўленым на працы ў БелДУТе.

Працоўная кніжка Яўгена Малікава. Фота з асабістага архіву

Адмоўнага рашэння суда Яўген Малікаў не чакаў – быў настроены і далей працаваць ва ўніверсітэце, праводзіць даследчыцкую працу пра драўляную архітэктуру, чым займаўся дагэтуль, а таксама рыхтаваць чарговы летнік для аднаўлення кляштару ў Юравічах (пра яго нядаўна выйшаў фільм на «Белсаце».

Гісторык збіраецца абскарджваць рашэнне ў судзе вышэйшай інстанцыі. «Белсат» будзе сачыць за развіццём падзеяў.

МД belsat.eu

Стужка навінаў