Суд адхіліў скаргу абароны Марыі Калеснікавай на падаўжэнне тэрміну зняволення


Суд Партызанскага раёну Менску разгледзеў і адхіліў скаргу абароны Марыі Калеснікавай на падаўжэнне тэрміну ўтрымання. Марыя застанецца пад вартай да 8 сакавіка.

Адвакат Людміла Казак пракаментавала, што вынікі судовага паседжання для абароны былі прадказальныя, але адвакаты і сама Марыя будуць абскарджваць рашэнне суда.

Падчас перапынку ў судзе.
Фота: тэлеграм-канал @viktarbabarykaofficial

Нягледзячы на маразы і закрытае судовае паседжанне да будынку суда прыйшло шмат неабыякавых людзей, сябры Марыі і прадстаўнікі амбасад Еўрапейскага Звязу.

«Мяне натхніла такая колькасць людзей, якая прыйшла падтрымаць Марыю нягледзячы на халоднае надвор’е, пандэмію і іншыя асабістыя планы на суботу», – кажа Людміла Казак.

На судзе таксама прысутнічаў бацька Марыі Аляксандр Калеснікаў. Ён распавёў, што перажывае за здароўе дачкі і заўважыў пра вялікую праблему з ліставаннем: апошні ліст, які прыйшоў яму ад Марыі, датуецца 20 снежнем.

«Я разумею, што Маша не хоча расстройваць, але я вельмі занепакоены яе станам здароўя. Гэтыя ўмовы ўтрымання і пераезды ўплываюць і на нервовы стан», – распавядае Аляксандр Калеснікаў.

Нагадаем, што Марыю 8 студзеня начным цягніком перавезлі з Жодзіна ў СІЗА-1 на Валадарскага.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў