Суд адхіліў касацыйную скаргу незалежных журналістаў з Горадні


Журналістаў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча пакаралі за матэрыял на «Белсаце». Цяпер яны будуць змагацца за свае правы ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека.

Пастанову аб адхіленні касацыйнай скаргі Алесь Дзянісаў і Алесь Кіркевіч атрымалі 26 траўня з Гарадзенскага абласнога суду. Сам разгляд справы адбываўся 19 траўня, але журналісты з розных прычын не змаглі прысутнічаць на пасяджэнні.

22 красавіка суддзя Ленінскага раённага суда Горадні Алена Пятрова па выніках слуханняў прызнала гарадзенскіх журналістаў вінаватымі ў парушэнні арт. 22.9 КаАП за тое, што яны зрабілі для нашага каналу відэасюжэт без акрэдытацыі МЗС. Матэрыял быў прысвечаны выставе слуцкіх паясоў у Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі. Суд пастанавіў спагнаць з кожнага штраф у памеры 20 базавых велічыняў альбо па 3,6 млн рублёў.

«Некаторыя кажуць пра лібералізацыю напярэдадні выбараў. Маўляў, Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі пачынаюць дамаўляцца з нейкімі замежнымі калегамі наконт дзейнасці сайтаў і каналаў. Але наўрад ці гэта закране канкрэтных фрылансераў і канкрэтных людзей, якія працуюць тут «у полі». Прынамсі, пакуль такіх сігналаў не бачна, якраз наадварот. Людзям, якія працуюць на «не да канца правільныя» СМІ, ствараюць перашкоды для нармальнай працы», – так пракаментаваў рашэнне суда Алесь Кіркевіч.

НМ, belsat.eu, паводле baj.by

Стужка навінаў