Суд абавязаў арганізатараў Дня Волі заплаціць міліцыі ўсё, чаго яна патрабуе


Суд Маскоўскага раёну Менску 1 жніўня цалкам задаволіў патрабаванні міліцыі да арганізатараў святкавання Дня Волі, якое прайшло сёлета ў Кіеўскім скверы. Пра гэта ў «Facebook’у» паведаміў сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Палітык нагадаў, што арганізатары прынцыпова адмаўляюцца плаціць «паборы», якія патрабуе МУС – каля 8000 рублёў, і збіраюцца даводзіць справу да Камітэту правоў чалавека ААН.

«Мы таму так доўга вядзем судовыя працэсы, каб паказаць, што ў Беларусі няма судоў. А гэтае судовае рашэнне цалкам беззаконнае і ганебнае, не адпавядае ніякім нормам законнасці», – адзначыў сустаршыня БХД.

Аб’ектыў
Вынікі Дня Волі-2019: Два канцэрты, менскія затрыманні і прамова Змітра Дашкевіча
2019.03.25 21:16

Паводле яго, міліцыя ў два разы павялічыла кошт сваіх паслугаў таму, што ў адзін момант на акцыі было каля 1500, што больш за заяўленую арганізатарамі лічбу ў 1000 чалавек.

«Ад гэтага міліцыя не павялічыла колькасць сваіх супрацоўнікаў. Яны не задзейнічалі ніякія дадатковыя рэзервы, але, тым не менш, кажуць, што за 1000 мы павінны былі столькі плаціць, а калі больш – трэба даплаціць столькі», – распавёў Віталь Рымашэўскі.

Паводле яго, грошы з арганізатараў масавых акцыяў патрабуюць «дармаеды, якія працуюць нібыта ў судах, у МУС, захопліваюць людзей, на мітынгах хапаюць».

Сустаршыня БХД падкрэсліў таксама, што гэты суд з’яўляецца часткай працэсу змагання з пастановай Саўміну, якая абавязвае людзей, што хочуць правесці масавую падзею – палітычную ці непалітычную, плаціць за гэта грошы міліцыі, якая і так атрымлівае грошы з бюджэту.

Hавiны
Арганізатараў Дня Волі аштрафавалі на 765 рублёў за адмову плаціць міліцыі за няякасную працу
2019.04.29 11:54

Нагадаем, што Арганізатары Дня Волі таксама адзначаюць, што міліцыя выканала свае абавязкі няякасна і аспрэчваюць суму аплаты паслугаў у межах Грамадзянскага кодэксу. У найбліжэйшы час яны пададуць пазоў у суд на міліцыю.

Юрый Губарэвіч заявіў ад імя арганізатараў, што міліцыя не запэўнівала парадку і бяспекі, бо невядомыя ў цывільным па-бандыцку захоплівалі ды вывозілі Змітра Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага, а міліцыя не перашкаджала і не спыняла. Таксама праваахоўнікі спынялі ўдзельнікаў акцыі на выхадзе і прымушалі схаваць бел-чырвона-белую атрыбутыку.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў