Суботняя «кава ці марозіва» у Горадні скончылася затрыманнямі


У гарадзенскім тэлеграм-чаце «Гродно для жизни» раніцаю з’явілася прапанова сабрацца сёння ў цэнтры гораду, каб «паесці марозіва ды папіць кавы». На плошчы Савецкай затрымалі Яўгена Амплеева, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Затрымалі Яўгена Амплеева – прыхільніка блогера Ціханоўскага і сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.
Фота: «Белсат»

Перад гадзінаю збору ў чаце з’явіліся паведамленні пра збор людзей на плошчы Леніна і вул. Ажэшка.

«На Леніна стаіць міліцэйская машына, вакол ходзіць адзін ціхар, сабраліся каля 10 чалавек», – паведаміў карэспандэнт «Белсату» а 19:00.

А 19:20 з плошчы Савецкай на плошчу Леніна пачалі падганяць аўтобусы з так званымі ціхарамі. Аднаго з актывістаў, які быў апрануты ў цішотку з лагатыпам «СТРАНА ДЛЯ ЖИЗНИ» затрымалі.

Міліцэйскія аўтобусы прыгналі ў месца збору прыхільнікаў альтэрнатыўных кандыдатаў з Горадні.
Фота: «Белсат»
Яўген Амплееў перад затрыманнем 20 чэрвеня.
Фота: «Белсат»

Учора, 19 чэрвеня, у заходнім абласным цэнтры краіны прайшла акцыя ў падтрымку затрыманых блогера Сяргея Ціханоўскага ды ягонай каманды, а таксама прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзідэнта Віктара Бабарыкі, ягонага сына Эдуарда Бабарыку ды сябраў іхнае каманды.

У жывы ланцуг выстраіліся больш за 600 чалавек. «Ланцуг салідарнасці» расцягнуўся ад пачатку плошчы Савецкай і ажно да канца Старога мосту – каля кіламетру. Неўзабаве з’явіліся міліцыянты, папярэдзілі гарадзенцаў аб нібыта несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. АМАПаўцы пачалі хадзіць па мосце ды выціскаць адтуль людзей. Людзі цалкам разышліся толькі бліжэй да 23 гадзіны.

29 траўня ў Горадні пад час сустрэчы з падпісчыкамі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай блогер Сяргей Ціханоўскі. Прычынаю сталася правакацыя з боку жанчыны, якая актыўна прыставала да Сяргея з пытаннямі і хапала яго за рукі. Блогера затрымалі, калі той спрабаваў ад яе сыйсці. Падышлі міліцыянты, пачалася цісканіна, у выніку якой адзін з міліцыянтаў аказаўся на зямлі. Апроч Сяргея затрымалі сябраў ягонай каманды.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі сем асобаў, якіх вінавацяць выключна паводле арт. 342: Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Вяргілія Ушака, Змітра Фурманава, Васіля Баброўскага, Аляксандра Арановіча і Уладзіміра Навуміка. Яшчэ двух фігурантаў справы – Уладзіміра Кнігу і Яўгена Разнічэнку – палітвязнямі пакуль не прызналі. Іх вінавацяць у гвалце супраць міліцыянтаў.

АК Belsat.eu

Стужка навінаў