Дванаццаты тыдзень пратэстаў у Гон-Конгу, якія праходзілі адносна мірна, у суботу, 24 жніўня перараслі ў новыя сутыкненні паліцыі з дэманстрантамі. Пратэстоўцы прайшлі маршам па густанаселеным раёне Куньтхон, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Пасля таго, як шлях мітынгоўцам перакрылі сілавікі, пратэстоўцы пачалі ўзводзіць барыкады з бамбукавых будаўнічых лясоў і вулічных жалезных перагародак. Каля будынку аддзялення паліцыі супрацьстаянне працягвалася некалькі гадзінаў, пакуль дэманстранты не пачалі закідваць паліцэйскіх камянямі, цаглінамі і бутэлькамі з вадой. Паліцыя ўжыла слезацечны газ, гумовыя кулі і стала затрымліваць удзельнікаў пратэсту, збіваючы іх дубінкамі.
Да патрабаванняў захавання палітычных і грамадзянскіх свабодаў, якія сталі галоўнай тэмай пратэсту, дадаліся некалькі канкрэтных патрабаванняў: дэманстранты ў Куньтхоне пратэставалі супраць закрыцця чатырох станцыяў метро і патрабавалі прыбраць з вуліц слупы з абсталяваннем, якое, як казалі ўлады мегаполісу, неабходныя для вымярэнняў чысціні паветра.
Пратэсты ў Гон-Конгу распачаліся яшчэ ў чэрвені сёлета. На акцыі супраць паправак у закон аб экстрадыцыі ў Кітай выйшлі сотні тысячаў чалавек, для разгону дэманстрантаў сілавікі выкарыстоўвалі гумовыя кулі, дубінкі і пярцовы газ. 15 чэрвеня ўлады Гон-Конгу адклалі на нявызначаны тэрмін прыняцце паправак у закон аб экстрадыцыі, аднак у жніўні пратэсты аднавіліся, бо дэманстранты патрабуюць цалкам адмовіцца ад прыняцця гэтага закону. Адбыліся жорсткія сутычкі пратэстоўцаў з сілавікамі, паліцыя зноў ужывала спецсродкі.
Закон аб экстрадыцыі дазволіць экстрадаваць жыхароў гораду нават у тыя краіны, з якімі ў Гон-Конгу няма пра гэта дамовы, у тым ліку ў мацерыковую частку Кітая. Сярод экстрадаваных апынуцца ўцекачы з мацерыка, якія крытыкуюць кітайскія ўлады і якія хаваюцца ад пераследу ў Гон-Конгу. Крытыкі папраўкі лічаць, што ў кітайскай судовай сістэме права людзей, якіх экстрадуюць, апынуцца неабароненымі, а сам Гон-Конг страціць сур’ёзную долю аўтаноміі.
СК belsat.eu